На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Віталія Шулейкі, з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, разгледзелі два пытанні: работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і выкананне заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна ў 2025 годзе.
Звароты грамадзян – гэта своеасаблівая ацэнка работы службаў і ведамстваў, а таксама вынік растлумачальнай работы з насельніцтвам.
Як адзначыла дакладчык – намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Марына Панкевіч, у 2025 годзе ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы раёна паступіла 230 зваротаў (у 2024 годзе – 205), у тым ліку ў райвыканкам – 189, з іх пісьмовых – 80 (42 %), вусных – 56 (29 %), электронных – 54 (28 %). У параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, павялічылася на 47, а ў сельскія выканаўчыя камітэты – зменшылася на 22. Найбольшую ўдзельную вагу ў разрэзе ўсіх зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, займаюць ад жыхароў сельскіх населеных пунктаў – 44 %; ад жыхароў горада Дзятлава – 19 %, ад заяўнікаў, якія пражываюць за межамі раёна – 36 %.

Аналіз тэматыкі зваротаў паказаў, што суадносіны асноўных жыццёва важных пытанняў для грамадзян практычна не змяніліся. Камунальная гаспадарка, транспартнае абслугоўванне, гандаль, землеўпарадкаванне – топ самых актуальных тэм у 2025 годзе.
Летась у райвыканкам паступілі 32 калектыўныя звароты, 7 з іх – ад членаў МС “ТРЦ “Паниква” па розных пытаннях урэгулявання і ажыццяўлення гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці дадзенай юрыдычнай асобы. А вось астатнія датычацца тэмы добраўпарадкавання – гэта самыя “балючыя” пытанні для людзей: напрыклад, асфальтавання вулічна-дарожнай сеткі ў вёсках Гярбелевічы, Галаўлі, Сачыўляны, Хадзяўляны, Явар, жыхароў вуліц Будаўнікоў, Вахоніна райцэнтра; дваровых тэрыторый жылых шматкватэрных дамоў у Наваельні; рамонту пад’езда ў Гезгалах пасля пажару. Усе звароты, якія паступілі, разгледжаны ва ўстаноўленым парадку, дзе патрабавалася, з вывучэннем сітуацыі на месцы, з удзелам заяўнікаў.
За 2025 год кіраўніцтвам райвыканкама праведзены 84 асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, у ходзе правядзення якіх прыняты 49 чалавек (у 2024 годзе – 48). Старшынёй райвыканкама ў час 24 асабістых прыёмаў былі прыняты 42 заяўнікі.
Дадатковай формай работы з насельніцтвам з’яўляецца правядзенне суботніх прамых тэлефонных ліній, колькасць званкоў на якія ў 2025 годзе зменшылася. Пытанні датычыліся аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пасажырскіх перавозак, аказання матэрыяльнай дапамогі, архітэктуры і будаўніцтва, гандлю і іншага. Практычна ўсе яны мелі даведачна-кансультацыйны характар.
Летась праведзены 32 дыялогавыя пляцоўкі на базе арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Кожны месяц праходзяць адзіныя дні інфармавання насельніцтва. У службу “адно акно” прыняты 2903 заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур (2024 год – 2615), з іх па заявах грамадзян – 2311 і 592 – па заявах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Для аператыўнага інфармавання адпаведных службаў, аператыўнага вырашэння або папярэджання праблемных сітуацый у Тэлеграм-канале раённай газеты “Перамога” функцыянуе чат-бот (за 2025 год паступіла 10 паведамленняў).
На афіцыйным інтэрнэт-сайце райвыканкама, у друкаванай і электронных версіях, сацыяльных сетках, месенджарах раённай газеты размяшчаецца інфармацыя пра змены ў заканадаўстве, якія закранаюць правы, абавязкі і законныя інтарэсы людзей; графікі правядзення прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, прамых тэлефонных ліній; створаны спецыяльныя рубрыкі для грамадскага абмеркавання найбольш значных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва.
– На Дзятлаўшчыне створана дакладная сістэма работы з насельніцтвам. Зразумела, яна патрабуе пастаяннай увагі, выканання патрабаванняў Дырэктывы № 2. Але ў аснове ўсяго павінны быць справядлівасць і, зразумела, увага да людзей, – такі пасыл прагучаў на пасяджэнні ад Віталія Шулейкі кіраўнікам усіх прадпрыемстваў і службаў.
Другасныя матэрыяльныя рэсурсы не сабралі. Чаму?

З дакладам па другім пытанні аб выкананні заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна ў 2025 годзе выступіла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Грамко.
Пытанне разглядаецца на пасяджэннях райвыканкама рэгулярна. Не кажучы ўжо аб працоўных нарадах як на ўзроўні старшыні райвыканкама, так і яго намесніка, які курыруе сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта звязана з тым, што работа ў дадзеным напрамку вядзецца на працягу ўсяго года.
У 2025 годзе на Дзятлаўшчыне сабрана 551,9 тоны адходаў паперы і кардону (84,4 % гадавога задання), 212,3 тоны адходаў шкла (36,4 %), 341,9 тоны палімерных адходаў (116,3 %), 179,4 тоны зношаных шын (138 %), 41,8 тоны адпрацаванага масла (104,5 %), 55,9 тоны адходаў электрычнага і электроннага абсталявання (111,9 %). З шасці заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы ДМР выкананы чатыры.
Падчас абмеркавання даклада былі заслуханы кіраўнікі арганізацый, якія “падвялі” раён. Унесена прапанова аб прыцягненні іх да дысцыплінарнай адказнасці.
Дзятлаўскаму раённаму ўнітарнаму прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі пастаўлены задачы арганізаваць на пастаяннай аснове работу па выманні другасных матэрыяльных рэсурсаў на палігоне цвёрдых камунальных адходаў “Нарбутавічы”; забяспечыць наяўнасць інфармацыйных указальнікаў аб месцах прыёму ДМР, у тым ліку і на ўчастках прадпрыемства; да 1 сакавіка абсталяваць на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрных жылых дамоў у Дзятлаве не менш за дзве пляцоўкі для збору буйнагабарытных адходаў; выявіць патрэбы ў кантэйнерах для паасобнага збору смецця прыватных падворкаў вёсак і аграгарадкоў раёна.

Дарэчы, на Дзятлаўшчыне дзейнічаюць 9 прыёмных пунктаў другаснай сыравіны. У месцах агульнага карыстання раёна ўстаноўлены 271 кантэйнер, з іх 219 – для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. У жыхароў індывідуальных дамоў у горадзе Дзятлаве, часткова ў гарпасёлку Наваельня на адказным захоўванні знаходзяцца і выкарыстоўваюцца 1935 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і столькі ж для збору цвёрдых камунальных адходаў. Прадугледжана месца для дасартыроўкі камунальных адходаў.
Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2025 годзе праведзена 13 абследаванняў палігона цвёрдых камунальных адходаў, 7 тэрыторый рэкультываваных міні-палігонаў, 25 кантрольных мерапрыемстваў, з іх 16 маніторынгаў у дачыненні да 36 юрыдычных асоб (выдадзены 226 пунктаў рэкамендацый), 6 выбарачных праверак, па якіх выдадзены 102 пункты прадпісанняў. За парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” ў частцы выкарыстання адходаў у якасці ДМР да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 юрыдычных, 6 службовых, 2 фізічныя асобы.
Напрыканцы пасяджэння Віталій Шулейка падзякаваў арганізацыям і прадпрыемствам, якія выканалі пастаўленыя задачы па абазначанай тэме.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga