Categories: Падзеі

У краіне пячэння

Нядаўна мы, навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, пабылі на фабрыцы ”Слодыч”, дзе ўбачылі, як вырабляюць любімае пячэнне.

Спачатку ў канферэнц-зале мы паглядзелі відэаролік пра гісторыю фабрыкі. Усё пачалося яшчэ ў 1905 годзе, калі Мінскай гарадской управай было выдадзена “Гандлёвае пасведчанне №34 кавярні з кандытарскімі прадуктамі і пякарні кандытарскіх прадуктаў Георгія Вікенцьевіча Рачкоўскага”, якая знаходзілася ў цэнтры горада, на Захар’еўскай вуліцы.

Цяпер прадукцыя фабрыкі “Слодыч” рэалізуецца не толькі на беларускім рынку, але і на экспарт. З беларускім пячэннем знаёмы жыхары Расіі, ЗША, Канады, Сербіі, Манголіі, Кітая, Ізраіля і іншых краін. На фабрыцы выпускаецца больш за 100 відаў пячэння: цукровае, зацяжное, здобнае, глазураванае, дыябетычнае, а таксама крэкеры і кексы. Візітнай карткай прадпрыемства застаецца пячэнне, якое пачало выпускацца з сярэдзіны мінулага стагоддзя: “Беларускі гасцінец”, “Арэхавае з фундуком”, “Да падвячорка”. Усе вырабы выпускаюцца пад дэвізам: “Прадукцыя як для самых блізкіх. Як для сябе”.

Праслухаўшы “смачнае” паведамленне пра гісторыю фабрыкі, мы ўдзельнічалі ў віктарыне. За правільныя адказы атрымлівалі падарункі. А самае цікавае нас чакала наперадзе: увесь працэс вырабу пячэння — ад замешвання цеста да фасоўкі гатовай прадукцыі.

Апранаемся ў спецыяльную вопратку і ідзём у цэх. Тут усё аўтаматызавана, машыны італьянскай вытворчасці. Глядзім, як замешваюць, раскатваюць і фармуюць цеста для цукровага пячэння, як цеста праходзіць праз печ, ператвараючыся ў хрусткае пячэнне, якое астуджаецца, і машыны пакуюць яго ў тару. Мы смакуем цукровае пячэнне яшчэ гарачым, духмяным, проста з канвеера. Гэта вельмі смачна!

Пераходзім у другі цэх і назіраем, як робяць зацяжное пячэнне. Нас зацікавіла асаблівасць вырабу: васьміразовае напластаванне лістоў цеста адзін на адзін, каліброўка таўшчыні цеста і яго фармоўка. Затым пячэнне ўпрыгожваюць кропачкамі і наносяць лёгкія ўзоры і надпісы.

Пабылі мы ў цэху, дзе вырабляюць здобнае пячэнне з сырам “Да падвячорка”. Гатуюць яго ўручную, каб было “як дома ў мамы”. Назіралі, як пячэнне “апранаюць” у цэлафан.

У кожным цэху мы маглі пасмакаваць свежае пячэнне. Асабліва спадабалася глазураванае і з сырам. А напрыканцы экскурсіі атрымалі падарункі ад фабрыкі “Слодыч”.

 

Дамоў вярталіся вясёлыя і задаволеныя падарожжам у краіну пячэння.

Я. АНДРУЦЭВІЧ, С. ЖАДЗЕЙКА, Д. ІВАШЭВІЧ,
навучэнцы СШ №3 г. Дзятлава

administrator

Recent Posts

Інфатурнэ. Што такое хала і ці бываюць шчаслівыя рэцэпты?

30 ліпеня для азнаямлення з нашым горадам адпачывальнікі санаторыя “Радон” выбралі вандроўку з гістарычным ухілам…

3 часа ago

О размерах пособий с 1 августа 2026 года семьям, воспитывающим детей

С 1 августа 2026 года в республике увеличены размеры государственных пособий семьям, воспитывающим детей. Это…

4 часа ago

За тысячныя намалоты – пашана і шчыры “дзякуй”

Камбайнавыя экіпажы і вадзіцеляў, якія перасягнулі вынікі ў тысячу тон, ушаноўвалі ў філіяле “АграМілк” РУП…

17 часов ago

Нам доверена память. Начались поисковые работы на Дятловщине (фотофакт)

Бойцами 52-го отдельного специализированного поискового батальона совместно с коллегами из других поисковых групп проводятся работы вблизи…

18 часов ago

Увага – на зберажэнне здароўя насельніцтва

Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло чарговае пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы з…

19 часов ago

ГрадусПлюс. Аварыйная сітуацыя выпраўлена аператыўна

У сацыяльнай сетцы TikTok з’явіўся відэаролік, аўтар якога непакоіцца аб тым, што вада ў рацэ…

23 часа ago