Напярэдадні Свята працы ў скверы па вуліцы Савецкай аднавіў сваю работу фантан “Неапаль”, адкрыты ў мінулым годзе.

Спецыялісты Дзятлаўскага РУП ЖКГ падрыхтавалі яго да функцыянавання ў летні перыяд і дапоўнілі агароджай, каб адпачынак каля арт-аб’екта быў камфортным і бяспечным для дарослых і дзяцей.


Адкрыццё фантана пасля працяглага перапынку стала сапраўдным святам для малечы: дапамагчы яму прачнуцца прыйшлі выхаванцы дзіцячага сада № 2 і навучэнцы пачатковых класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Разам з героямі ўзорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” і яе кіраўніком Іванам Каско дзеці весяліліся, танцавалі, вадзілі карагоды і расказвалі вершы, прысвечаныя аднаму з любімых месцаў адпачынку ўсіх дзятлаўчан. Завіталі на свята і матулі з маленькімі дзецьмі, якія ў гэты час гулялі ў скверы.


Вядучы заўважыў, што цяпер фантан будзе кожны дзень працаваць для дзятлаўчан і гасцей горада. Тут можна будзе бавіць час, асвяжыцца ў спёку або зрабіць фотаздымак на памяць.






Нагадаем, што фантан у скверы па вуліцы Савецкай быў урачыста адкрыты ў час раённага выпускнога балю-2025. Ініцыятарам яго ўстаноўкі стала кіраўніцтва раёна, было выдаткавана 70 тысяч рублёў з раённага бюджэту. Падрадчыкам работ стала ТАА “Ланітэкс” (горад Мінск). Падрыхтоўчыя работы выканала Дзятлаўскае РУП ЖКГ, якое займаецца тэхнічным абслугоўваннем аб’екта. У фантане ўстаноўлены пяць помпаў, дзевяць пражэктараў. Ён будзе працаваць у летні час з 7 да 23 гадзін.













Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае