Свята спорту, дружбы і ўзаемадзеяння завяршылася цырымоніяй узнагароджання. Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі памятныя статуэткі, пераможцы былі адзначаны дыпломамі і медалямі.

Бронзавымі прызёрамі міліцэйскай камбінаванай эстафеты сярод супрацоўнікаў АУС Гродзенскай вобласці стала каманда роты канвойнай службы міліцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Віцэ-чэмпіёнамі – зборная УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Пераможцамі і ўладальнікамі пераходнага кубка эстафеты сталі супрацоўнікі атрада міліцыі асобага прызначэння УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Дзятлаўчане заваявалі высокае шостае месца сярод 24 каманд вобласці, парадавалі балельшчыкаў і родных па-сапраўднаму магутным выступленнем на этапах. Удзел у эстафеце па-за конкурсам прымалі таксама нашы землякі – супрацоўнікі папраўчай калоніі-пасялення № 26, якія дастойна выступілі ў спаборніцтвах.

Вадзім Шчурскі,

начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама:

– Міліцэйская камбінаваная эстафета трэці раз праводзіцца на тэрыторыі Гродзеншчыны, сёлета яна прысвечана 80-годдзю з дня ўтварэння органаў унутраных спраў Гродзенскай вобласці. Для нас ганарова прадаставіць падраздзяленням магчымасць паспаборнічаць не толькі ў рамках аператыўна-службовай дзейнасці, але і ў спартыўных дысцыплінах. Мы самі фарміравалі спартыўны конкурсны складнік, “разынкай” ад дзятлаўчан стала паласа перашкодаў, этапы якой былі для канкурсантаў няпростымі, эмацыянальнымі і запамінальнымі. Мерапрыемства дапамагло згуртавацца не толькі ў межах свайго працоўнага калектыву, але і ўсёй вобласці. Нефармальная абстаноўка, дадатковыя стасункі, новыя сябры і як вынік – узаемадзеянне паміж аддзеламі ўнутраных спраў. Усім калегам і іх сем’ям жадаю здароўя, дабрабыту і поспехаў у службовай дзейнасці.

Аляксандр Шыдлоўскі,

намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні АУС Карэліцкага райвыканкама:

– На службе ў органах унутраных спраў я звыш 20 гадоў. За гэты час неаднойчы станавіўся ўдзельнікам падобных мерапрыемстваў, у кожным з раёнаў яны праходзяць па-рознаму, са сваімі адметнасцямі і каларытам. У гэтым годзе ў Дзятлаве сабраліся 24 каманды з усіх раёнаў Гродзеншчыны і абласнога цэнтра. Нягледзячы на выхадны дзень, думаю, усе рады пабываць на гэтай сонечнай, прыгожай, гасціннай зямлі. Усе на пазітыве, зараджаны на тое, каб вынікова выступіць, добра адпачыць і пасябраваць. У мінулым годзе ў Іўі мы сталі бронзавымі прызёрамі эстафеты, спадзяюся, у гэтым годзе таксама не падкачаем. Калегам па службе жадаю ўсяго найлепшага, каб кожная з каманд адчувала сябе пераможцай. Усім моцнага здароўя і ўдачы ў службе.

Таццяна Лаўская,

старшы інспектар групы кадраў АУС Навагрудскага райвыканкама:

– Сёлета ўпершыню ўдзельнічаю ў міліцэйскай эстафеце, было вельмі хвалююча: адчувалася вялікая адказнасць за каманду, жаданне перамагчы або стаць прызёрам. Рыхтаваліся да этапаў найбольш маральна, настройваліся, падтрымлівалі адзін аднаго. Эстафету мы прайшлі ўпэўнена, зладжана, паказалі камандны дух. Былі свае складанасці, але мы іх пераадолелі разам. Такія мерапрыемствы, як гэта, патрэбныя і важныя. Яны згуртоўваюць і наладжваюць нефармальныя сяброўскія ўзаемаадносіны паміж калектывамі аддзелаў унутраных спраў розных раёнаў. З другога боку, фізічная падрыхтоўка, якую сёння прадэманстравалі ўдзельнікі ўсіх каманд, дапамагае ў паўсядзённай рабоце міліцыі па ахове правапарадку.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации