Мерапрыемства, прымеркаванае да дня прафілактыкі вытворчага траўматызму прайшло ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы.
Прадстаўніца пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Святлана Магера правяла інфармацыйную гадзіну для работнікаў бібліятэкі.
Яна распавяла пра асноўныя прычыны няшчасных здарэнняў на вытворчасці, прывяла статыстыку і патлумачыла, як захаваць жыццё і здароўе.Так, напрыклад, часцей за ўсё няшчасці на вытворчасці здараюцца з-за нездавальняючай арганізацыі працы, парушэнняў бяспекі пры эксплуатацыі абсталявання, машын і механізмаў, а таксама з-за недастатковага інструктажу работнікаў па пытаннях аховы працы. Здараюцца выпадкі, калі работнікі атрымліваюць траўмы ў выніку невыканання кіраўнікамі сваіх абавязкаў, а, менавіта, недастатковага кантролю, парушэнняў інструкцый па ахове працы і патрабаванняў бяспекі.
На жаль, колькасць няшчасных здарэнняў на вытворчасці кожны год павялічваецца. У параўнанні з 2018 годам у 2019 колькасць смяротных выпадкаў вырасла з 13 да 20, а колькасць цяжкіх траўмаў – з 81 да 88.
Найбольш траўматычнымі аказаліся такія прафесіі, як вадзіцель аўтамабіля, падсобны рабочы, слесар-рамонтнік, трактарыст-машыніст, жывёлавод, будаўнік. Нярэдкія выпадкі атрымання траўмаў з-за знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Святлана Магера нагадала прысутным, што многіх з няшчасных выпадкаў можна было пазбегнуць, калі б рабочыя няўхільна выконвалі службовыя абавязкі, інструкцыі па ахове працы і правілы вытворчай дысцыпліны.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup