Максім Горкі пісаў: “Дзеці – кветкі жыцця”. Сямейны сад бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Аляксандра і Марыны Русаўскіх – гэта двое кроўных і сем прыёмных дзяцей.
У “прафесійным” бацькоўстве дарослыя ўсяго два гады, тым не менш Расціслаў, Дзяніс, Арцём, Дар’я, Вераніка, Паліна, Данііл, Сямён, Кірыл агорнуты любоўю, увагай і адчуваюць сябе неад’емнымі часцінкамі вялікай дружнай сям’і.
Дарослыя прызнаюцца, што перад імі стаіць складаная задача – цёпла клапаціцца пра дзяцей, але пры гэтым не перастарацца, каб хлопчыкі і дзяўчынкі выраслі годнымі людзьмі, паважалі закон, жыццёвыя правілы, увайшлі ў перыяд даросласці сацыялізаванымі і ўпэўненымі ва ўласных сілах.

– Мы лічым, што аснова выхавання трымаецца на трох складальніках – гэта род, народ, Радзіма, – дзеляцца бацькі. – Таму імкнёмся дапамагчы дзецям усвядоміць, што род, сям’я з яе ўстойлівымі традыцыямі і каштоўнасцямі, аб’ядноўваючыся з іншымі родамі, утвараюць народ – супольнасць людзей з адзінай гісторыяй, культурай, мовай, рэлігійным светапоглядам. Радзіма ж – складанае паняцце, але блізкае сэрцу месца, “дзе я нарадзіўся і жыву, дзе будзе жыць мой род і народ”. Яна нашы карані, вытокі, наша будучыня, а таму Радзіму мы любім, аберагаем, даражым ёю. Сямейнае выхаванне і сям’я з’яўляюцца асновай патрыятызму. Аднак каб маленькаму чалавеку спасцігнуць гэтыя ісціны, найперш трэба ведаць гісторыю і культуру свайго краю, сям’і. Таму мы з дзецьмі актыўна падарожнічаем па ўсёй Беларусі. Ужо пабывалі ў Мірскім і Нясвіжскім замках, Лідзе, Слоніме, Гродне, Мінску, Хатыні.
Бацькі-выхавальнікі ўпэўнены, што падобныя экскурсіі спрыяюць не толькі далучэнню да гістарычнай і духоўнай спадчыны, але і фарміраванню ў дзяцей сяброўства і талерантнасці. Яны імкнуцца навучыць сыноў і дачок простай, але важнай ісціне, што ў будучыню варта глядзець з верай, надзеяй, любоўю. Менавіта любоў – галоўнае пачуцце для Русаўскіх, бо яны ведаюць, што іх сям’я створана дзеля і ў імя любові, безумоўнай, непадзельнай, якая сагравае і асвятляе жыццё.

Каб папулярызаваць станоўчы вопыт выхавання дзяцей, Русаўскія ўдзельнічаюць у школьных і раённых мерапрыемствах, сярод якіх – майстар-клас “Школа паспяховага бацькоўства”, віншавальны анлайн-марафон “Бацькоўскі дом”, відэамарафон “Сям’я – гэта …”.
У кожнага з членаў іх сям’і свой характар, свае таленты і недахопы, каб заўжды знаходзіць кампрамісы і быць адзінымі, падтрымліваць адзін аднаго, бацькі-выхавальнікі стараюцца выкарыстоўваць кожную хвіліну: разам з дзецьмі займаюцца хатнімі справамі, полюць агарод, ездзяць па грыбы і ягады. Усе працоўныя справы стараюцца арганізаваць так, каб дзеці ўспрымалі іх як магчымасць навучыцца камфортна і годна арганізоўваць уласнае дарослае жыццё.
Паказчыкам паспяховага замацавання карысных навыкаў стаў выніковы ўдзел непаўналетніх у выставах дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці. Так, Сямён стаў прызёрам раённай выставы “Ратаўнікі вачамі дзяцей”, Дар’я – раённай выставы “Сям’я для кожнага дзіцяці”, Данііл і Арцём – прызёры рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы, таксама Арцём з’яўляецца навучэнцам Лідскага філіяла Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Аляксандр і Марына Русаўскія лічаць, што ад таго, як будуюцца ўзаемаадносіны ў сям’і, якія інтарэсы выходзяць на першы план у яе старэйшых прадстаўнікоў, цалкам залежыць, якімі выгадуюцца дзеці. Сям’я рыхтуе падрастаючае пакаленне да жыцця, з’яўляецца яго першай і самай глыбокай крыніцай сацыяльных ідэалаў, закладвае асновы грамадзянскіх паводзінаў. Бацькі-выхавальнікі імкнуцца навучыць кожнага са сваіх сыноў і дачок жыць у згодзе з сабой і навакольным светам, выхоўваюць у іх самастойнасць, узаемаразуменне, сумленнасць, дабрыню, любоў, уменне сябраваць, працавітасць, клопат, якія застануцца на ўсё жыццё.
– Наша сям’я – гэта кветкавая паляна, на якой мы можам ажыццявіць усе свае ідэі, наша прафесія дазваляе нам жартаваць, сваволіць, гуляць, любіць, паважаць разумець, выдумваць казкі і гісторыі, падарожнічаць, бо выхаванне дзяцей – гэта магчымасць самім пагрузіцца ў дзяцінства, – сцвярджаюць Русаўскія.
Наталля БЕНЯС,
педагог сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае