Categories: Падзеі

Ціхая пяшчота брыльянтавага вяселля

Бягучы год для сям’і Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча Татарчыкаў з вёскі Юравічы багаты на юбілейныя даты: у чэрвені Міхаілу Пятровічу споўнілася  85 гадоў, а ў ліпені сямейная пара адзначыла брыльянтавае вяселле.

— Здаецца, такі працяглы прамежак часу, а праляцеў, як імгненне, —  разважае Міхаіл Пятровіч. — Не верыцца і ў тое,  што нашай сям’і ўжо шэсцьдзесят гадоў.  Напэўна, так Бог вырашыў, каб мы сустрэліся, — працягвае ён. —  А як жа інакш патлумачыць тое, што мы выбралі адзін аднаго сярод шэрагу іншых і  не памыліліся: сталі  сапраўды палавінкамі аднаго цэлага. І галоўнае тут не толькі каханне, але яшчэ і павага. Яна абавязкова павінна быць у сям’і.

Цяпер гэты вопыт сямейнага жыцця Міхаіл Пятровіч і Валянціна Іванаўна перадаюць ужо наступным прадаўжальнікам роду. Гэта — трое дзяцей, сямёра унукаў, шасцёра праўнукаў. Да іх прыезду Валянціна Іванаўна кожны раз гатуе сваю фірменную выпечку, а Міхаіл Пятровіч частуе сваіх родных духмяным мёдам з уласнай пасекі. Дарэчы, ёй таксама ўжо шэсцьдзесят гадоў: першы пчаліны домік падарыў маладой сям’і дзядзя Міхаіла на вяселле.

Праз некаторы час пчалярства для  Міхаіла Пятровіча стала не проста заняткам, а сапраўдным захапленнем на ўсё жыццё.

А пачаўся яго жыццёвы шлях на  хутары Жорнаўка,  што побач з Юравічамі, якія з’яўляюцца малой радзімай Валянціны Іванаўны. Яна была адной дачкой у сям’і, а вось Міхаіл Пятровіч — самы малодшы з трох братоў. Іх бацька — Пётр Іосіфавіч служыў яшчэ ў царскай арміі, за службу быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У першую Сусветную вайну Пётр Іосіфавіч быў у нямецкім палоне. Змог выжыць толькі дзякуючы  шчасліваму выпадку.

Вярнуўшыся дахаты, служыў солтысам. Разам з іншымі вяскоўцамі дапамагаў рамантаваць дах у Вензавецкай царкве. Памёр Пётр Іосіфавіч, не дажыўшы толькі года да свайго стогадовага юбілею. І ў дамавіну былому воіну паклалі яго Георгіеўскі крыж.

 

Гэта аповед — як сямейная гісторыя сям’і Татарчыкаў, як гісторыя роду, якая перадаецца ад пакалення да пакалення — каб памяталі дзеці, унукі і праўнукі.

Аб гісторыі сям’і нагадваюць і чорна-белыя фотаздымкі, якія ўпрыгожваюць сцены хаты. Побач з імі  — карціны, вышытыя Валянцінай Іванаўнай, а таксама яе дачкой Ларысай.  Яна, дарэчы, вышывае не толькі карціны, але і іконы.

Увогуле, у Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча — тры дачкі. Ларыса — жонка вайскоўца, жыве ў Расіі. Ганна жыве ў Карэлічах. А старэйшая Тамара — у Дзятлаве. Яна — настаўніца.

Усе яны стварылі свае сем’і, ужо дарослыя людзі. Аднак для Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча застануцца назаўжды дзецьмі. Тымі дзяўчынкамі, якіх калісьці Міхаіл Пятровіч кожную раніцу вёў ў школу — за некалькі кіламетраў ад дома.

Усё гэта  Валянціна Іванаўна і Міхаіл Пятровіч узгадваюць з цеплынёй. І кажуць, што яны шчаслівыя людзі, паколькі багатыя на дзяцей, унукаў, праўнукаў.  Сёлета ўсе яны збяруцца разам, каб павіншаваць сваіх любых бацькоў з іх брыльянтавым вяселлем, пажадаць здароўя і дабрабыту яшчэ на многія гады.

А. ДУБРОЎСКАЯ 

Фота П. АДАМЧУКА

administrator

Recent Posts

Сельскагаспадарчы кірмаш у Казлоўшчыне (фотафакт)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

20 часов ago

Сельскагаспадарчы кірмаш у Гезгалах (фотафакт)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

23 часа ago

«Перамога» наводзіць парадак

Да навядзення парадку на тэрыторыі сваёй установы далучыліся і супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Перамога”. Ірына Камарова,…

24 часа ago

Ведае ўчастковы. Як пакараюць за пашкоджанне аўтамабіля?

Пытанне: выйшаў раніцай на вуліцу і знайшоў на сваім прыпаркаваным каля дома аўтамабілі шматлікія пашкоджанні…

1 день ago

Пагаварылі пра сілу, пяшчоту і галоўныя каштоўнасці

У аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама ў рамках Тыдня бацькоўскай любові прайшла тэматычная дыялогавая пляцоўка “Мацярынства…

2 дня ago

Калі разам – любая справа ладзіцца

Нездарма кажуць у народзе: “Восень – работ восем”. Адна з іх, не менш важная, падрыхтаваць…

2 дня ago