Бягучы год для сям’і Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча Татарчыкаў з вёскі Юравічы багаты на юбілейныя даты: у чэрвені Міхаілу Пятровічу споўнілася  85 гадоў, а ў ліпені сямейная пара адзначыла брыльянтавае вяселле.

— Здаецца, такі працяглы прамежак часу, а праляцеў, як імгненне, —  разважае Міхаіл Пятровіч. — Не верыцца і ў тое,  што нашай сям’і ўжо шэсцьдзесят гадоў.  Напэўна, так Бог вырашыў, каб мы сустрэліся, — працягвае ён. —  А як жа інакш патлумачыць тое, што мы выбралі адзін аднаго сярод шэрагу іншых і  не памыліліся: сталі  сапраўды палавінкамі аднаго цэлага. І галоўнае тут не толькі каханне, але яшчэ і павага. Яна абавязкова павінна быць у сям’і.

Цяпер гэты вопыт сямейнага жыцця Міхаіл Пятровіч і Валянціна Іванаўна перадаюць ужо наступным прадаўжальнікам роду. Гэта — трое дзяцей, сямёра унукаў, шасцёра праўнукаў. Да іх прыезду Валянціна Іванаўна кожны раз гатуе сваю фірменную выпечку, а Міхаіл Пятровіч частуе сваіх родных духмяным мёдам з уласнай пасекі. Дарэчы, ёй таксама ўжо шэсцьдзесят гадоў: першы пчаліны домік падарыў маладой сям’і дзядзя Міхаіла на вяселле.

Праз некаторы час пчалярства для  Міхаіла Пятровіча стала не проста заняткам, а сапраўдным захапленнем на ўсё жыццё.

А пачаўся яго жыццёвы шлях на  хутары Жорнаўка,  што побач з Юравічамі, якія з’яўляюцца малой радзімай Валянціны Іванаўны. Яна была адной дачкой у сям’і, а вось Міхаіл Пятровіч — самы малодшы з трох братоў. Іх бацька — Пётр Іосіфавіч служыў яшчэ ў царскай арміі, за службу быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У першую Сусветную вайну Пётр Іосіфавіч быў у нямецкім палоне. Змог выжыць толькі дзякуючы  шчасліваму выпадку.

Вярнуўшыся дахаты, служыў солтысам. Разам з іншымі вяскоўцамі дапамагаў рамантаваць дах у Вензавецкай царкве. Памёр Пётр Іосіфавіч, не дажыўшы толькі года да свайго стогадовага юбілею. І ў дамавіну былому воіну паклалі яго Георгіеўскі крыж.

 

Гэта аповед — як сямейная гісторыя сям’і Татарчыкаў, як гісторыя роду, якая перадаецца ад пакалення да пакалення — каб памяталі дзеці, унукі і праўнукі.

Аб гісторыі сям’і нагадваюць і чорна-белыя фотаздымкі, якія ўпрыгожваюць сцены хаты. Побач з імі  — карціны, вышытыя Валянцінай Іванаўнай, а таксама яе дачкой Ларысай.  Яна, дарэчы, вышывае не толькі карціны, але і іконы.

Увогуле, у Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча — тры дачкі. Ларыса — жонка вайскоўца, жыве ў Расіі. Ганна жыве ў Карэлічах. А старэйшая Тамара — у Дзятлаве. Яна — настаўніца.

Усе яны стварылі свае сем’і, ужо дарослыя людзі. Аднак для Валянціны Іванаўны і Міхаіла Пятровіча застануцца назаўжды дзецьмі. Тымі дзяўчынкамі, якіх калісьці Міхаіл Пятровіч кожную раніцу вёў ў школу — за некалькі кіламетраў ад дома.

Усё гэта  Валянціна Іванаўна і Міхаіл Пятровіч узгадваюць з цеплынёй. І кажуць, што яны шчаслівыя людзі, паколькі багатыя на дзяцей, унукаў, праўнукаў.  Сёлета ўсе яны збяруцца разам, каб павіншаваць сваіх любых бацькоў з іх брыльянтавым вяселлем, пажадаць здароўя і дабрабыту яшчэ на многія гады.

А. ДУБРОЎСКАЯ 

Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации