На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама была прааналізавана выніковая інфармацыя па выкананні бацькамі патрабаванняў плана аб абароне правоў і законных інтарэсаў іх трох непаўналетніх дзяцей, якія шэсць месяцаў таму былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, таксама разгледжаны вынікі сацыяльнгага расследавання ў сям’і, дзе гадуюцца двое непаўналетніх, іх прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Сітуацыя палепшылася, аднак без гарантый

Яшчэ ў 2021 годзе двое бацькоў з-за сваёй прыхільнасці да алкаголю трапілі ў поле зроку службаў прафілактыкі нашага раёна, а іх дзеці аказаліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы. На жаль, з цягам часу сямейная сітуацыя толькі пагоршылася, і летась траіх непаўналетніх прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Для дарослых мінулагодняе адабранне было першым, з вялікімі цяжкасцямі яны ўсё-такі змаглі дабіцца аб’яднання сям’і, якое адбылося ў красавіку гэтага года. Вяртанню непаўналетніх паспрыяла тое, што маці і бацька разам прайшлі кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, і службы прафілактыкі далі ім шанц самім гадаваць дзяцей.

На жаль, аказаны давер муж і жонка цанілі нядоўга: ужо праз паўтара месяца яны зноў пачалі прыкладацца да чаркі, ды так, што спецыялістам даводзілася экстранна перадаваць дзяцей сваякам, а з дарослымі праводзіць размовы пра сямейныя каштоўнасці і сэнс жыцця.

Як высветлілася, ранейшыя ўрокі лёсу для аматараў алкаголю аказаліся марнымі, і шэсць месяцаў таму дзяцей зноў давялося прызнаць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а з бацькамі пачалася новая работа па выпраўленні сітуацыі. Праўда, многія патрабаванні педагогаў і службаў прафілактыкі яны ігнаравалі. Напрыклад, бацька не прыходзіў на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, а калі яго спрабавалі даставіць супрацоўнікі міліцыі, сыходзіў з дому. Здавалася б, працэдура па вяртанні непаўналетніх у сям’ю павінна быць знаёмай да дэталяў, паколькі яна паўтараецца, аднак муж і жонка ўспрынялі ўсё па-свойму. Яны зноў прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці літаральна за месяц да канчатковага разгляду пытання. Цяпер ні адна са службаў прафілактыкі не можа даць гарантый, што бацька і маці надоўга змогуць устрымацца ад згубнай звычкі, а дзецям будзе бяспечна гадавацца ў роднай сям’і. Насцярожвае і той факт, што напярэдадні канчатковага пасяджэння камісіі вырашалася пытанне па стварэнні спрыяльных умоваў для дзяцей, у домаўладанні сям’і ўстанаўліваўся кацёл, а да гэтага ацяпленне адсутнічала, хоць на календары – лістапад.

Улічыўшы ўсе звесткі і абставіны, члены камісіі прынялі адзінае правільнае рашэнне – звярнуцца ў суд з іскам аб пазбаўленні дарослых бацькоўскіх правоў. Да судовага пасяджэння ў мужа і жонкі яшчэ будзе час даказаць, што яны могуць гадаваць дзяцей самастойна, інакш кампетэнтны дзяржаўны орган абароніць правы непаўналетніх, якія не павінны станавіцца заложнікамі згубнай звычкі сваіх бацькоў і маюць права на нармальнае жыццё.

Сям’я будзе на кантролі

Другое за гэты год сацыяльнае расследаванне праведзена ў сям’і, дзе гадуюцца двое непаўналетніх дзяцей. У час першага крытэрыі недабрабыту не пацвердзіліся.

На гэты раз дарослыя трапілі ў поле зроку службаў прафілактыкі з-за сямейнага скандала, дарэчы, таксама другога запар, афіцыйна пацверджанага гэтай восенню.

Як было адзначана на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, прычынай сямейнай сваркі стала рэўнасць мужа, а самі дарослыя цяпер знаходзяцца ў працэсе скасавання шлюбу. Прычым жанчына выказала намер у далейшым раз’ехацца і жыць асобна ад сямейнага агрэсара, у адносінах да якога на гэты раз было выкарыстана ахоўнае прадпісанне і адміністрацыйнае пакаранне.

Дзеці не з’яўляліся сведкамі сварак, аднак яны перажываюць за бацьку і маці з-за нестабільнай сямейнай сітуацыі. Члены камісіі таксама ўпэўнены, што сям’я з-за пагаршэння міжасабовых адносінаў патрабуе кантролю, таму непаўналетніх прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,

намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Святлана ЗАЛУЧАН,

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

Ірына СТЫРНІК,

карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации