Дыпломам за другое месца ў конкурсе на лепшы тэрытарыяльны камітэт Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў 2025 годзе ў намінацыі “Лепшы тэрытарыяльны камітэт ГА “БРСМ” у першай катэгорыі” (колькасць моладзі да 5000) адзначана першы сакратар Дзятлаўскага РК ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
Яна расказала, як удалося дасягнуць поспеху:
– Ацэньваліся такія крытэрыі, як удзел у мерапрыемствах, аплата членскіх узносаў, уступленне ў рады аб’яднання, стварэнне новых пярвічак, валанцёрскі і студатрадаўскі рух, іншыя паказчыкі.
Дзятлаўская раённая арганізацыя налічвае 720 удзельнікаў, аб’яднаных у 34 пярвічкі. За мінулы год яна папоўнілася на 247 чалавек, яшчэ 23 прыбылі ў раён. На рахунку саюзнай моладзі дзясяткі яркіх спраў і праектаў. Значных поспехаў летась дасягнулі ўдзельнікі валанцёрскага руху ГА “БРСМ” “Добрае Сэрца”: атрад “Светлы шлях” Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна прымаў удзел у рэспубліканскім форуме “Валанцёрства без межаў”, адзначаны дыпломам за трэцяе месца рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі”. Валанцёры Казлоўшчынскай сярэдняй школы пабывалі на цырымоніі ўзнагароджання лепшых прадстаўнікоў добраахвотніцкага руху Гродзеншчыны “Валанцёр года-2025”. Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны атрад “Нераўнадушнае сэрца” ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі”.
Маладыя дзятлаўчане цікавяцца палітычнай абстаноўкай, робяць свой уклад у будаўніцтва моцнай, незалежнай Беларусі. Летась яны далучыліся да кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі: былі членамі ўчастковых камісій, назіральнікамі, валанцёрамі, праводзілі мерапрыемствы. Рэалізаваны праект “Азбука грамадзяніна” па прававой адукацыі маладога пакалення, асветніцкі праект “Паштоўка.БЕЛ”, а для тых, хто галасаваў упершыню – “Твой голас першы”.
У ліку патрыятычных акцый ГА “БРСМ”, у якіх актыўна ўдзельнічаюць дзятлаўчане, – усебеларуская “Мы – грамадзяне Беларусі”, рэспубліканскія “Роднае-народнае” і “Беларусь: да і пасля”, абласная “Захаваем памяць на стагоддзі”, сацыяльны праект “Кветкі Вялікай Перамогі”, іншыя.
Развіваецца ў раёне студатрадаўскі рух. У 2025 годзе функцыянавалі 13 атрадаў, у якіх былі задзейнічаны 196 чалавек.
Паспяховыя нашы маладыя землякі ў навуковай дзейнасці, што даказвае вядомы праект ГА “БРСМ” “100 ідэй для Беларусі”, рэспубліканскімі і абласнымі лідарамі якога навучэнцы школ раёна станавіліся не аднойчы. Не стаў выключэннем мінулы год: на рэгіянальным этапе лепшымі былі Лізавета Якубоўская, Іван Урбановіч, Максім Дзяхцевіч, Лізавета Маліка. У студзені 2026 года прайшоў абласны этап, пераможцам якога вызначаны гімназіст Іван Урбановіч з праектам “Квантавы спектр і яго ўплыў на рост праросткаў пшаніцы” ў намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства”. 19 сакавіка ён прадставіць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе.
Заявілі пра сябе таленавітыя землякі і ў час інтэлектуальна-забаўляльнага праекта “Вялікая моладзевая гульня”, дзе каманда “Фенікс” Казлоўшчынскай сярэдняй школы стала лідарам Гродзеншчыны і абараняла гонар вобласці на рэспубліканскім этапе.
Як бачым, другая пазіцыя ў вобласці – наша агульная заслуга. Я адрасую словы шчырай удзячнасці ўсім удзельнікам раённай арганізацыі ГА “БРСМ” – ад 14-гадовых школьнікаў, якія толькі прыйшлі ў аб’яднанне, да правераных часам членаў саюза, працоўнай моладзі, лідараў пярвічак за іх актыўную жыццёвую пазіцыю і асабісты ўклад у добрыя справы на карысць Айчыны, якія былі заўважаны і прывялі арганізацыю да абласной “сярэбранай” перамогі.
Спадзяюся, 2026 год будзе не менш плённым. Ён прысвечаны Беларускай жанчыне. Увагу засяродзім на мерапрыемствах па папулярызацыі яе ролі ў фарміраванні нацыянальнага вобраза, умацаванні сям’і, духоўна-маральных каштоўнасцяў. Год абазначаны і як 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, таму скіруемся на рэалізацыю тэматычных праектаў, у тым ліку “Кветкі Вялікай Перамогі”, па захаванні гістарычнай праўды, прадоўжым практыку моладзевых сустрэч з ветэранамі руху.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае