Кажуць, калі мужчыны служаць годна, то суайчыннікі могуць спаць спакойна. У Беларусі шмат надзейных абаронцаў, якія носяць пагоны, прыемна ведаць, што яеы працуюць і на Дзятлаўшчыне.
Пераможцам конкурсу Дэпартамента аховы “Лепшы па прафесіі-2024” ў намінацыі “Лепшы старшы інспектар групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы” прызнаны наш зямляк Сяргей Майсейчык, які займае гэту пасаду ў Дзятлаўскім раённым аддзеле Дэпартамента аховы. У прафесію “пад знакам савы” Сяргей Аркадзьевіч прыйшоў у 2010 годзе з органаў пагранічнай службы. Ён – наш зямляк, ураджэнец вёскі Таркачы. На пытанне, чаму зрабіў такі выбар, адказвае, што ў прафесійным плане яго прывабілі стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, строгая дысцыпліна. Старшы лейтэнант сцвярджае, што сваю работу трэба любіць, ісці на яе з радасцю і не менш шчаслівым вяртацца дадому, а таксама гарманічна сумяшчаць сям’ю і працоўныя будні. Сяргей Майсейчык прайшоў розныя прыступкі службовай дзейнасці ад паставога міліцыянера, міліцыянера групы затрымання да старшага інспектара групы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы, паралельна ў завочнай форме ў ГрДУ імя Я. Купалы атрымаў юрыдычную спецыяльнасць.
Расказваючы аб перамозе ў конкурсе прафмайстэрства, спыняецца на лічбах і фактах:
– Найперш улічваліся аб’ёмы аказваемых ахоўных паслуг (колькасць аб’ектаў), а таксама павелічэнне часу аховы на ўжо абсталяваных сродкамі ахоўнай сігналізацыі аб’ектах. За мінулы год да ахоўваемых аб’ектаў мы дадалі яшчэ восем і дасягнулі агульнай лічбы ў чатыры тысячы восемсот гадзін пультавой аховы. Гэта дазволіла выйсці на самаакупнасць. Усяго на Дзятлаўшчыне 30 аб’ектаў, якія ахоўваюцца фізічнай аховай: 15 – вартавой, 13 – змешанай, 2 – камбінаванай. Нядаўна вартавы пост з’явіўся ў раённым аддзеле Следчага камітэта. Усяго ў мяне ў падпарадкаванні 70 чалавек вартавога саставу.
Быць паспяховым у прафесійных буднях Сяргею Аркадзьевічу дапамагаюць такія якасці, як прынцыповасць, настойлівасць, камунікабельнасць і, безумоўна, любоў да выбранай справы. Ільвіную долю рабочага часу старшы інспектар аддае праверцы арганізацый і нясення службы, рабоце з заказчыкамі, астатнюю прысвячае афармленню дакументаў, паколькі вядзе дагаворную работу на аказанне ахоўных паслугаў, а таксама праводзіць ацэнку ведаў ведамасных вартаўнікоў.
Сяргей Аркадзьевіч упэўнены, што аддзел, дзе ён служыць, забяспечвае надзейную ахову розных формаў уласнасці і ўносіць свой важкі ўклад у мірнае і спакойнае жыццё землякоў. Сёння падраздзяленні Дэпартамента мабільныя, узброеныя, забяспечаныя самымі сучаснымі навінкамі тэхнікі, што дазваляе хутка і якасна спраўляцца з любымі службовымі задачамі.
І ўсё ж “месцам сілы” для Сяргея Майсейчыка з’яўляецца не рабочы кабінет, а сям’я. Яго жонка, Анастасія Уладзіміраўна, таксама займаецца аховай, але ўжо чалавечага здароўя, бо працуе медыцынскай сястрой выязной брыгады хуткай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы. У Майсейчыкаў падрастае маленькі сын Яраслаў, які ходзіць у дзіцячы садок.
На пытанне, што Сяргей Аркадзьевіч хоча атрымаць 23 лютага ў падарунак ад сваіх блізкіх, без ваганняў адказвае: “Самае каштоўнае для мяне – час, які мы правядзём разам”, – і тлумачыць, што гібкія графікі работы ў яго і жонкі не заўжды спрыяюць такім момантам. Адпачываць жа душой і целам Сяргей Майсейчык любіць у роднай вёсцы, дзе дапамагае бацькам па гаспадарцы. Сельская фізічная праца, упэўнены мужчына, дорыць бадзёрасць духу і маральную разгрузку.
З нагоды свята калегам ён пажадаў здароўя, удачы, спакойных службовых будняў і мірнага неба над галавой.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Департамент охраны #награда нашалепшае #нашелучшее