У мітусні паўсядзённых клопатаў мы часта забываем пра самыя важныя падзеі. Але ёсць даты, якія нельга прапусціць. Для сем’яў, якія пранеслі любоў скрозь 25, 50, 55, 60 і больш гадоў сумеснага жыцця, аддзел ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама прапануе ўнікальную магчымасць: ва ўрачыстай абстаноўцы паўтарыць дзень вяселля і зноў сказаць адзін аднаму “так”.
У нашым аддзеле стала добрай традыцыяй ушаноўваць пары, чый сямейны саюз перасягнуў значныя рубяжы. Урачыстая цырымонія – гэта не проста фармальнасць. Гэта даніна павагі пачуццям, мудрасці і вернасці юбіляраў і сапраўднае свята, якое вяртае мужа і жонку ў той самы дзень, калі яны ўпершыню абмяняліся кольцамі і клятвамі.
Юбілеі, якія аб’ядноўваюцьпакаленні
Дваццаць пяць гадоў сумеснага жыцця – першы “дарослы” юбілей, які называюць сярэбраным вяселлем. Гэта ўзрост, калі дзеці ўжо выраслі, а пачуцці толькі адужэлі. Многія пары мараць адзначыць гэтую дату прыгожа, але не ведаюць, што могуць зрабіць гэта менавіта там, дзе ўсё пачыналася, – у сценах ЗАГСа.
Сярэбраная цырымонія дорыць магчымасць спыніцца, азірнуцца на пройдзены шлях і адчуць гонар за сваю сям’ю.
А як кранальна праходзяць ушанаванні “залатых” (50 гадоў), “ізумрудных” (55 гадоў) і “брыльянтавых” (60 гадоў і больш) юбіляраў! Гледзячы на іх, пачынаеш верыць, што сапраўднае каханне сапраўды існуе і не баіцца часу. Ва ўрачыстай зале, пад гукі вясельнага маршу, юбіляры могуць абмяняцца новымі кольцамі ці зноў надзець тыя самыя, першыя, паставіць свае подпісы ў ганаровай кнізе юбіляраў нашага аддзела ЗАГС і зрабіць сотні фотаздымкаў у асяроддзі ўдзячных дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Наша запрашэннедлядзяцей і ўнукаў! Паважаныяжыхарыраёна!
Калі вашы бацькі або бабуля з дзядулем у гэтым годзе адзначаюць круглую дату вяселля, не чакайце, пакуль яны пасаромеюцца папрасіць пра гэта свята самі. Зрабіце ім цудоўны падарунак.
А калі вы самі дасягнулі сярэбранага ці залатога юбілею – дазвольце сабе гэтую радасць – арганізацыя ўрачыстасці ў сценах ЗАГС запомніцца на ўсё жыццё.
Мы дапаможам вам стварыць атмасферу свята, падбяром зручны час і раскажам аб усіх нюансах правядзення цырымоніі. Мне, як спецыялісту аддзела, хочацца сказаць, што кожная такая ўрачыстасць унікальная. Мы бачым, як у мужа і жонкі гараць вочы, як яны хвалююцца, нібы маладыя. Сярэбраныя юбіляры поўныя энергіі і жыццялюбства, а пары з паўвекавым стажам выпраменьваюць дзіўную мудрасць і пяшчоту. Гэта і для нас велізарная радасць – бачыць, што сям’я як інстытут жывая і моцная. Такія сем’і падаюць прыклад нашым маладым парам, якія толькі збіраюцца ўступіць у шлюб.
Па пытаннях арганізацыі ўрачыстай рэгістрацыі юбілейнага шлюбу неабходна звярнуцца ў наш аддзел ЗАГС на адрас: горад Дзятлава, вуліца Чырвонаармейская, 3. Тэлефоны для даведак і папярэдняга запісу: 6-03-76, 6-89-76.
Тэлефануйце і прыходзьце, каб разам з намі сказаць самым родным людзям або адзін аднаму галоўныя словы падзякі за вернасць і любоў!
Святлана ВІНАКУРАВА,
галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga