Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей падрыхтаваў выставу нашага земляка, члена Беларускага союза мастакоў Івана Козела.  Яна адкрылася 3 ліпеня на другім паверсе Цэнтра культуры і народнай творчасці.

На адкрыцці прысутнічаў сам мастак, які прадаставіў для знаёмства са сваёй творчасцю 30 палотнаў. На многіх з іх – краявіды і архітэктура Дзятлаўшчыны. Гэта карціны “Дзятлаўская старонка”, “Цёпла вечар каля палаца ў Дзятлаве”,”Летні дзень у Дзятлаве”, “Возера каля вёскі Явар”, “Вензавец”, “Зіма ў Гнаінскіх” і іншыя. Нездарма персанальная выстава мае назву “Зямля мая – зямля бацькоў”.

У вёсцы Гнаінскія знаходзіцца бацькоўская хата, куды нярэдка наведваецца Іван Мікалаевіч Козел разам з братам Юрам, таксама мастаком. На Дзятлаўшчыне будучы мастак вучыўся, закончыў Герніцкую васьмігадовую школу.

Затым была вучоба ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы, Беларускай акадэміі мастацтваў, стажыроўка ў творчых майстэрнях, удзел у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставах. Цяпер Іван Козел працуе выкладчыкам у гімназіі-каледжы мастацтва імя І. В. Ахрэмчыка, працягвае пісаць карціны, ладзіць выставы.

Пра ўсё гэта мастак расказаў у час адкрыцця выставы. З гэтай адметнай падзеяй, а таксама 55-годдзем з дня нараджэння Івана Мікалаевіча Козела павіншавалі родныя, сябры, прадстаўнікі грамадскасці. Мастак перадаў музею сваю карціну, як даніну ўдзячнасці за шматгадовае плённае супрацоўніцтва.

Прысутныя на адкрыцці выставы знаёміліся з работамі нашага земляка пад гукі скрыпак.

Гэтая персанальная выстава мастака ў Дзятлаве не першая. З работамі Івана Козела дзятлаўчане і госці горада знаёміліся ў 1995-ым, 2003-ім, 2012 гадах. І вось – новая сустрэча. Выстава ў Цэнтры культуры і народнай творчасці пагасцюе на працягу пяці дзён, а затым яе перавязуць у Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Хто не паспеў пабачыць работы нашага земляка, можа наведаць музей.

І. Іванава
Фота аўтара

About Author
administrator
View All Articles

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации