На базе Дзятлаўскага раёна электрычных сетак прайшла інфармацыйная сустрэча, прысвечаная сацыяльнай падтрымцы работнікаў энергасістэмы і актуальнай сёння ў грамадстве тэме кіберзлачынства.

З калектывам арганізацыі сустрэліся спецыялісты па ідэалагічнай рабоце РУП “Гроднаэнерга” Наталля Аліпава і Дзмітрый Юшкевіч, намеснік дырэктара Ваўкавыскіх электрычных сетак Аляксей Далгаполік.


Наталля Вітальеўна расказала пра асаблівасці калектыўнага дагавора, які распаўсюджваецца на працоўныя калектывы рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства. Ён прадугледжвае сур’ёзную падтрымку работнікаў, у тым ліку больш за 30 стымулюючых выплат. Адметнасцю дакумента з’яўляецца і тое, што ён прадаўжае дзейнічаць для работнікаў, якія выходзяць на заслужаны адпачынак.


Дзмітрый Юшкевіч спыніўся на злабадзённай тэме тэлефоннага махлярства, з якім сутыкаўся практычна кожны з нас. Ён расказаў пра самыя “хадавыя” сёння схемы падману, у ліку якіх – падман ад імя псеўдаработнікаў энергасістэмы, якія прапануюць грамадзянам заключыць дагавор па тэлефоне або пад выглядам замены лічыльнікаў спрабуюць патрапіць у кватэру.

– Галоўнае, на што арыентуюцца зламыснікі ў тэлефонных атаках, – гэта нашы эмоцыі, стараюцца вывесці з раўнавагі, напалохаць, каб атрымаць звесткі або выманіць грошы, – адзначыў Дзмітрый Вітальевіч. – Галоўная наша абарона – самавалоданне і спакой. Калі ў вас узніклі падазрэнні, спыніце размову, не саромейцеся патэлефанаваць у банк, электрычныя сеткі або знаёмаму, якому быццам бы патрэбна дапамога, каб упэўніцца ў праўдзівасці інфармацыі. Таксама не забывайце ставіць надзейныя паролі ў інтэрнэт-акаўнтах і рэгулярна іх мяняць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga