Да дня сям’і і ў рамках мерапрыемстваў героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе – 80”, Года добраўпарадкавання на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы высаджана “Алея герояў” у гонар членаў сем’яў, хто абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і падарыў нам мір. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 12 сем’яў, дырэктар школы Марына Нячай, класныя калектывы і іх кіраўнікі.


Як адзначылі яго ўдзельнікі, пасаджаныя дрэвы – гэта сімвал падзякі за гераізм і подзвіг, злучальная нітка пакаленняў, якая будзе нагадваць аб гістарычнай памяці і вялікім подзвігу герояў.
– Такія мерапрыемствы дазваляюць захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, спрыяюць фарміраванню патрыятычных пачуццяў і гонару за сваю краіну. Дапамагаюць усвядоміць, што наша свабода, дабрабыт каштуюць дорага, і мы павінны шанаваць іх, беражліва ставіцца да дасягненняў і гістарычнай спадчыны нашага народа, – дапоўніла дырэктар школы, дэпутат Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу Марына Нячай.
Сям’я Грыцук зазначыла, што яны пасадзілі дрэўца ў памяць пра ветэрана вайны свайго дзядулю Фёдара Шалеснага, а ў Дзень Перамогі заўсёды збіраліся разам, ён расказваў пра тое, як ваяваў, а цяпер наведваюць і даглядаюць яго магілу, прымаюць удзел у святочных мерапрыемствах.

У сям’і Паўлючык абодва дзядулі прайшлі вайну, узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а пасаджанае дрэва будзе напамінам будучым пакаленням, што трэба захоўваць мір і ганарыцца тым, што яны з’яўляюцца нашчадкамі вялікага народа.

Дзень Перамогі для сям’і Лупач – таксама заўсёды вельмі хвалюючае свята: яны ўдзельнічаюць у мітынгах, акцыі “Беларусь памятае”, мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе і раёне.
У гонар Іосіфа Сіракоўскага, які ў 1943 годзе пайшоў на фронт, быў цяжка паранены, але дайшоў да Берліна, за што быў узнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна”, пасадзіла дрэва сям’я Свіб. Яны пажадалі маладому пакаленню, каб памяталі подзвіг і былі ўдзячныя тым, хто падарыў магчымасць нам жыць пад мірным небам.

Сем’і Бойка, Наркевіч, Сіняк, Шалевіч, Белавус пасадзілі дрэвы ў гонар бацькі, дзядулі, прадзядулі Сяргея Бойкі і дзядулі Вікенція Белавуса. Сяргей Аляксандравіч з-за шматлікіх ран рана пайшоў з жыцця, але ў памяці сваякоў застаўся любячым бацькам. Для іх Дзень Перамогі – не проста дата, гэта хвалюючая і вельмі важная падзея. 9 мая яны наведваюць магілы ветэранаў, удзельнічаюць у акцыях, мітынгах, шануюць памяць аб родных, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гэтай школе вучыліся, вучацца і працуюць ужо шмат гадоў члены іх сям’і – нашчадкі герояў Вялікай Перамогі.
Сям’я Хілімончык прыйшла на мерапрыемства з партрэтам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вікенція Урбановіча. Са слоў бабулі Таццяны Яўгенаўны сумесныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць некалькі пакаленняў, дазваляюць адчуць усе складанасці ваенных гадоў, глыбей даведацца пра гісторыю сваёй сям’і.


Для нас, юнага пакалення, пасаджаная алея ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны – гэта памяць пра мінулае і магчымасць выказаць свае пачуцці і стаўленне да гісторыі роднай Беларусі.
Аляксандра КАРМІЛЬЧЫК, Яўгенія ХРАМАВА,
юныя журналісты газеты “Перамога”, навучэнкі 9 “Б” класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование