У суд звярнулася грамадзянка Г. з заявай, у якой указала, што паміж ёй і індывідуальным прадпрымальнікам быў заключаны дагавор падраду на выкананне работ па дэмантажы помніка, заліванні падмурка пад адзіночны помнік і ўстаноўцы яго на месцы пахавання яе маці. Дагаворам быў прадугледжаны тэрмін выканання работ і вызначаны іх кошт. У дзень падпісання дакумента жанчына выплаціла аванс у суме 150 рублёў. У хуткім часе індывідуальны прадпрымальнік звярнуўся з актам здачы-прыёмкі выкананых работ і па разлік. З-за далёкага размяшчэння месца пахавання, наяўнасці інваліднасці па захворванні апорна-рухальнай сістэмы ў грамадзянкі і адсутнасці магчымасці ў той жа дзень прыняць вынік работ, ёю была аплачана астатняя частка кошту заказу ў суме 300 рублёў і дасягнута вусная дамоўленасць з падрадчыкам аб падпісанні акта здачы-прыёмкі пасля візуальнага агляду месца пахавання. Да таго ж яе насцярожыў той факт, што работы па заліванні падмурка і ўстаноўцы помніка былі выкананы ў адзін дзень, дакладней, за пару гадзін. Прыехаўшы на могілкі, жанчына выявіла, што падрадчык не дэмантаваў раней заліты падмурак, а на яго ўсталяваў бетонную пляцоўку значна меншай плошчы і ўжо там устанавіў помнік і надмагілле. Не былі прыбраныя і ляжалі ўздоўж помніка драўляныя дошкі, якія служылі апалубкай. Патэлефанаваўшы падрадчыку і ўказаўшы на няякасна выкананую працу па дагаворы, у адказ грамадзянка пачула грубасць і непрызнанне ім сваёй віны. У мэтах дасудовага ўрэгулявання рознагалоссяў ёю ў адрас мужчыны была накіравана прэтэнзія, якую апошні атрымаў і праігнараваў. У сувязі з гэтым жанчына была вымушана звярнуцца ў суд па абарону сваіх правоў: прасіла скасаваць дагавор падраду; абавязаць адказчыка вярнуць выплачаныя ёю грошы за выкананую працу ў суме 450 рублёў; спагнаць з адказчыка кошт помніка – 550 рублёў, а таксама грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.
У папярэднім пасяджэнні судом быў устаноўлены факт парушэння падрадчыкам нормаў будаўнічых правілаў, а патрабаванні жанчыны абгрунтаванымі, якія не супярэчаць нормам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”.
Паколькі адным з прыярытэтных напрамкаў па ўдасканаленні судовай дзейнасці з’яўляецца ўрэгуляванне і вырашэнне спрэчкі без правядзення судовага разбору, бакам быў дадзены час для абмеркавання ўмоваў мірнага пагаднення.
Пры садзейнічанні суда ім удалося дасягнуць пагаднення аб добраахвотным вырашэнні спрэчкі. Адказчык у кошт кампенсацыі перадаў жанчыне грашовыя сродкі ў суме 2100 рублёў, а грамадзянка Г. адмовілася ад іску. Справа спынена.
Святлана ЛАМАКА,
вядучы спецыяліст суда Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga