У аграрыяў пачалася гарачая пара вясновых палявых работ.

Немалаважным складальнікам добрага выніку з’яўляюцца не толькі спрыяльнае надвор’е і спраўная тэхніка, але і тое, што ў механізатара на талерцы. Разам з прафсаюзам аграпрамысловага комплексу высвятляем, наколькі збалансаванае харчаванне ў работнікаў нівы.

Найперш наведваем КСУП “Хвінявічы”, дзе за спецыяльным аўтобусам, нагружаным прысмакамі, разам з работніцай сталовай прадпрыемства выязджаем проста на поле, дзе актыўна ідзе ўнясенне арганікі. Каб не губляць ні хвілінкі часу, абед механізатарам прывозяць на месца працы.

У палявой сталовай усё цывільна: ёсць сродкі для мыцця, выцірання і апрацоўкі рук, невялікі пераносны столік, за якім змяшчаюцца чатыры чалавекі. Першае, другое, кампот і булачка да яго – усё свежае, яшчэ гарачае са спецыяльных кантэйнераў, абавязкова з усмешкай і пажаданнем смачна есці.

– Сёння ў нас у меню суп са свежай капусты, пюрэ з бульбы, смажаная рыба, сіроп і здобная булка, – пералічвае пазіцыі меню намесніца загадчыцы сталовай КСУП “Хвінявічы”, повар Таіса Грынцэвіч. – Стараемся радаваць нашых работнікаў разнастайнымі стравамі: супы кожны дзень тыдня не паўтараюцца, у абед абавязкова ўваходзяць мясныя стравы (галубцы, катлеты, шніцалі, гуляш). Акрамя таго, выдаём падвячорак – сухі паёк: тушонка, каўбаса, кашы, хлеб, напоі. Усё для таго, каб мужчыны добра падмацаваліся і мелі сілы  вынікова працаваць.

Аграрыям такая сістэма харчавання падабаецца.

– Зручна, што не трэба надоўга адрывацца ад работы, – кажа трактарыст Мікалай Скіба. – Працуем з 8 гадзін раніцы да 7 вечара, харчуемся ў полі двойчы на дзень.  Гатуюць нашы гаспадыні вельмі смачна, добра, што прывозяць заўжды гарачае, асабліва ў такое пераменлівае надвор’е. Мне падабаецца ўвесь рацыён, сваю порцыю заўжды з’ядаю цалкам і дзякую паварам.

У сталовай “РоданАграПол”, якая сёлета адкрылася пасля рамонту, працаўнікоў сяла таксама чакаюць з комплекснымі абедамі. Па словах загадчыцы ўстановы Марыны Утоўка, тут штодзень харчуюцца каля 10-15 работнікаў прадпрыемства, яшчэ столькі ж атрымліваюць гарачыя абеды ў полі.

– Гатуем усё па тэхналагічных картах, збалансаванае меню распрацавана эканамістам і тэхнолагам такім чынам, што пазіцыі на адным тыдні не паўтараюцца, – расказала Марына Леанідаўна. – Прыслухоўваемся да меркавання механізатараў, але не адступаем ад санітарных і нарматыўных патрабаванняў. Напрыклад, у сталовай можна падаць смятану або соус, што не дапускаецца ў полі. А як утульна ў зале для прыёму ежы, бачыце самі. Пакуль працуем шэсць дзён на тыдзень, бо нядзеля ў механізатараў выхадны, а ў час жніва будзем кожны дзень карміць нашых працаўнікоў.

Па словах жанчыны, яшчэ летась работнікі ТАА “РоданАграПол” абедалі гатовымі стравамі, якія дастаўлялі з Дзятлава са сталовай “Жамчужына”. Цяпер разам з калегамі – кухоннымі рабочымі Валянцінай Макарэвіч і Марыяй Ерамейчык маюць магчымасць прадэманстраваць уласнае майстэрства. Сёлета ў сталовай зрабілі касметычны рамонт, набылі новае абсталяванне – духавую шафу, патэльню, стэлажы, халадзільнікі. У сталовай ёсць асобныя склад, памяшканні для раздзелкі мяса, агародніны, мыечная, кухня, гардэроб і нават невялікі кабінет, дзе можна афармляць дакументацыю.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак адзначыў, што 100 % працаўнікоў, занятых у вясновых палявых работах, атрымліваюць комплексныя абеды. За іх якасцю і ўмовамі харчавання пільна сочаць прафсаюзныя арганізацыі.

– У час маніторынгаў найперш звяртаем увагу на абсталяванне – аўтатранспарт, сродкі гігіены, ёмістасці, у якіх дастаўляецца ежа, посуд. Таксама кантралюем якасць і збалансаванасць страваў, аб’ём порцый, знаёмімся з водгукамі саміх механізатараў аб рабоце сталовай, з улікам усіх гэтых фактараў робім высновы і ўносім прапановы кіраўніцтву гаспадаркі, – дадаў Уладзімір Фёдаравіч.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Вас памятае свет уратаваны. Жанчыны, якія набліжалі Перамогу

У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на…

12 часов ago

Словы ўдзячнасці і віншавання – вам, людзі ў белых халатах!

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў святочны канцэрт-шанаванне, прысвечаны надыходзячаму Дню медыцынскіх работнікаў.…

12 часов ago

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

14 часов ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

14 часов ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

14 часов ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

18 часов ago