Служыць у міліцыі няпроста, затое цікава

Штогод 17 лістапада адзначаецца Дзень участковага інспектара міліцыі. На іх ускладаецца вялікая колькасць задач: неабходна і злачынства раскрыць, і вінаватага ўстанавіць, правапарушэнне спыніць і асоб, якія злоўжываюць алкаголем, ізаляваць ад грамадства, правесці прафілактычныя гутаркі і проста выслухаць пажылога чалавека. Задачы гэтага супрацоўніка можна пералічваць доўга, можна сказаць, гэта ўніверсальны супрацоўнік міліцыі. Таму да ўчастковых інспектараў заўсёды былі павышаныя патрабаванні, на іх ускладаліся вялікія спадзяванні.

Кожны дзень непрадказальны і не падобны на папярэдні ў малодшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Ігара Сакольніка. Адзін з самых маладых супрацоўнікаў аддзела расказаў, як спраўляецца з абавязкамі і што ў прафесійных планах.

– Пайсці ў міліцыю мне прапанавалі, калі праходзіў камісію для службы ў арміі. Можна сказаць, што трапіў сюды выпадкова, але ўдзячны лёсу, што так адбылося, бо мне вельмі падабаецца мая работа, – гаворыць Ігар Ігаравіч. – Пасля трохмесячных міліцэйскіх курсаў прыйшоў у раённы аддзел, дзе прапанавалі пасаду малодшага ўчастковага інспектара, і вось ужо пяты год я спасцігаю азы гэтай прафесіі. У зоне маёй адказнасці – горад Дзятлава. Участак немалы, таму падтрымліваюць вопытныя старшыя ўчастковыя – Віталій Грышук, Аляксандр Скварчынскі, за што ім вялікая ўдзячнасць. Увогуле, у нас цудоўны калектыў, начальства лаяльнае, заўжды ідзе насустрач, можна з любым пытаннем звярнуцца, ніколі не адмовяць у дапамозе.

Аператыўную абстаноўку на тэрыторыі абслугоўвання старшы сяржант міліцыі характарызуе як адносна спакойную. Злачынствы ўчыняюцца нячаста і не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

– Асаблівую ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляю прафілактыцы правапарушэнняў на ўчастку. Бо, як вядома, лягчэй папярэдзіць, чым пазней раскрываць злачынства, – дзеліцца праваахоўнік. – У зоне павышанай увагі тыя, у каго ўжо былі праблемы з законам: раней судзімыя, умоўна асуджаныя, алкаголікі, хатнія дэбашыры, непаўналетнія правапарушальнікі, абстаноўка ў ненадзейных сем’ях. Абавязкаў ва ўчастковага шмат. Гэта і адпрацоўка заяў грамадзян, зваротаў, ізаляцыя ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, наведваю адзінокіх грамадзян, асабліва сталага ўзросту, бо пачасціліся выпадкі тэлефоннага махлярства, ім прыходзіцца тлумачыць, як не трапіць на хітрасць злачынцаў. Усе дні ў нас розныя, цікавыя.

– Якімі рысамі неабходна валодаць добраму ўчастковаму інспектару?

– Супрацоўнік міліцыі павінен быць сумленным і справядлівым, уважлівым, харызматычным, а таксама ў некаторых выпадках і хітрым у адносінах да пэўнай катэгорыі людзей. Падчас розных разбіральніцтваў даводзіцца падладжвацца пад кожнага чалавека, таму без умення знаходзіць індывідуальны падыход не абысціся. Трэба ўмець слухаць, пераконваць. Увогуле, служыць у міліцыі няпроста, затое цікава.

Дзякуючы рабоце, Ігар Сакольнік знайшоў і сваё сямейнае шчасце. Расказвае, што ў час аднаго з выклікаў апытваў сведкаў здарэння, і адна з іх вельмі спадабалася. Пачалі сустракацца, а хутка і сям’ю стварылі, нарадзіўся сын. Дзеліцца, што цяпер самы лепшы адпачынак для яго – з сям’ёй, яны разам любяць і проста пагуляць па вуліцах роднага горада, і з’ездзіць куды-небудзь па новыя ўражанні. Дарэчы, нядаўна ім, як маладой сям’і, і арэндную кватэру выдзелілі.

– Што ў бліжэйшых планах?

– У наступным годзе планую пайсці вучыцца па спецыяльнасці, старэйшыя калегі раяць у Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь. Таксама хачу атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Ну і, вядома ж, хацелася б зорачку на пагоны. Я ўпэўнены, усё гэта будзе, наперадзе шмат часу, сіл і імкнення.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Сваім калегам-участковым хачу пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, цярпення, удачы, разумення родных і блізкіх. Няхай у нашай нялёгкай рабоце будзе як мага менш трывожных дзён.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Холода не прощают беспечности

С наступлением поздней осени на первый план выходит риск возникновения пожаров и чрезвычайных ситуаций в…

5 часов ago

Ведае ўчастковы. Дайце, калі ласка, чэк

Пытанне: купляў на рынку куртку і папрасіў выдаць чэк. Прадавец сказаў, што не можа гэта…

5 часов ago

Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Таісія Сакалоўская: “Не магу сядзець без справы”

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведаў 80-гадовую юбілярку з аграгарадка Войневічы Таісію Сакалоўскую, каб…

5 часов ago

“Храму ведаў” гарпасёлка Наваельня 60 гадоў

Поўная зала сяброў, шчырыя пажаданні, цёплыя апладысменты, кранальныя ўспаміны, мілагучныя песні, памятныя падарункі – так…

18 часов ago

В Дятловском районе завершилось специальное профилактическое мероприятие «Дом без пожара»

На территории Дятловского района завершилось специальное профилактическое мероприятие «Дом без пожара», направленное на предупреждение пожаров…

18 часов ago

Тры дзесяцігоддзі, прысвечаныя людзям

У Новаяльнянскім сельскім выканаўчым камітэце на заслужаны адпачынак урачыста праводзілі кіраўніка спраў Ірыну Каспяровіч. Ірына…

19 часов ago