Сярод розных махлярскіх схем па-ранейшаму папулярнымі застаюцца званкі з так званых “кантакт-цэнтраў” ці ад “службы бяспекі банка”. На жаль, жыхары нашай краіны, нягледзячы на шырокую прафілактычную работу, становяцца ахвярамі зламыснікаў.
Што трэба ведаць, каб засцерагчы свае грашовыя сродкі, расказала старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ірына Яновіч: – Звычайна людзям паведамляюць, што “банк выявіў падазроную аперацыю па картцы” або “паступіў запыт на анлайн-афармленне крэдыту”. Пры гэтым махляр можа ведаць імя сваёй ахвяры, першыя ці апошнія лічбы яе плацежнай банкаўскай карткі. Любым шляхам ён імкнецца даведацца поўныя рэквізіты, пашпартныя даныя, можа прасіць “для абароны мабільнага дадатка банка” ўстанавіць праграмы AniDesk або RustDesk, каб мець магчымасць дыстанцыйна кіраваць смартфонам патэнцыйнай ахвяры. Злачынца паведамляе, што размова запісваецца і пра яе ніхто не павінен ведаць, а за распаўсюджванне інфармацыі прадугледжана крымінальная адказнасць. Робіцца гэта для таго, каб напалохаць чалавека, не даць яму магчымасці дзейнічаць не па інструкцыях злачынцы. Грамадзяне павінны памятаць, што нельга паведамляць асабістую інфармацыю, даныя банкаўскіх картак, ахоўныя коды з SMS-паведамленняў. Калі з карткай сапраўды ажыццяўляюцца махлярскія аперацыі, банк сам можа яе заблакіраваць.
Існуюць і іншыя асабістыя меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць падману. Па-першае, трэба ведаць, што супрацоўнікі банкаўскіх установаў і міліцыі не тэлефануюць праз месенджары. Па-другое, калі пры размове закрадваюцца сумненні, неабходна тактоўна яе завяршыць і перазваніць на афіцыйны нумар установы, адкуль нібыта паступіў званок. Нават калі размова здаецца праўдзівай, не трэба ўстанаўліваць на свае тэлефоны дадаткі з неафіцыйных крыніц. Праігнараваць варта і просьбу перазваніць на агучаны нумар. Пры падазрэнні на махлярства ці калі злодзеі змаглі скарыстацца вашымі данымі, адразу ж адключайце смартфон ад інтэрнэту і тэлефануйце ў міліцыю.
Махляры прадумваюць свае дзеянні да дробязяў: каб ахвяра паверыла, выкарыстоўваюць профіль у месенджары з лагатыпам банка ці ўстановы, могуць ведаць персанальныя звесткі, якія знаходзяць у даступных у інтэрнэце крыніцах, таму, калі “спецыялісты” называюць падобную інфармацыю, не варта спяшацца ім давяраць. У час відэазванкоў могуць выкарыстоўвацца дэкарацыі офісных памяшканняў, фальшывыя дакументы, пасведчанні, імітацыя гукаў і чужых галасоў.
Ірына СТЫРНІК
Фота з адкрытых крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga