У кожнага з нас ёсць свая “малая радзіма”. Для нас – гэта Дзятлаўшчына, яе пасёлкі і вёскі. Ці часта мы задумваемся, колькі важных гісторый захоўваецца на старонках кніг ці ў сямейных альбомах? Адказ можна знайсці ў Новаяльнянскай гарпасялковай бібліятэцы, дзе дзякуючы краязнаўчым паліцам гісторыя ажывае.
Наваельня – пасёлак з асаблівай атмасферай. Там, дзе зліваюцца рэкі Моўчадзь і Ятранка, подых мінуўшчыны адчуваецца асабліва востра. Гэтая зямля, вядомая яшчэ з ХVI стагоддзя, памятае часы Вялікага Княства Літоўскага і гул першых цягнікоў. Але галоўнае багацце пасёлка – гэта яго людзі. Праз бібліятэчныя экспазіцыі кожны чытач можа дакрануцца да лёсу сваіх славутых землякоў.
Асаблівае месца тут займае Вячаслаў Адамчык. Ураджэнец вёскі Варакомшчына, ён стаў летапісцам Заходняй Беларусі. Яго раман “Чужая бацькаўшчына” – гэта глыбокае апавяданне пра наш край. Даследчыкі называюць яго філосафам і псіхолагам, а землякі памятаюць яго словы: “Пакланіцеся ад мяне маёй зямлі, маёй Бацькаўшчыне”. На паліцах можна знайсці яго творы, матэрыялы пра жыццё і фотаздымкі.
Побач – імёны Віктара Шымука і Яўгена Мацвеева. Не заўсёды лёгка знайсці звесткі пра тых, хто ціха служыў зямлі, іх спадчына часта захоўваецца ў сямейных архівах. Таму так важна гэтая ініцыятыва. Цяпер іх імёны назаўжды ўпісаны ў гісторыю пасёлка не толькі ў памяці ўдзячных нашчадкаў, але і на паперы.
Краязнаўчыя паліцы Новаяльнянскай бібліятэкі – гэта сапраўдныя скарбніцы, якія вучаць нас любіць сваё і шанаваць сваіх. Супрацоўнікі бібліятэкі запрашаюць жыхароў пасёлка далучыцца да гэтай высакароднай справы. Калі ў вашых сямейных архівах захоўваюцца цікавыя звесткі, старыя фотаздымкі ці ўспаміны пра вашых родных – настаўнікаў, дактароў, працаўнікоў, якія стваралі гісторыю нашага краю, – прыносьце іх у бібліятэку. Разам мы захаваем памяць для будучых пакаленняў, каб імёны нашых землякоў ніколі не былі забытыя.
Галіна МАЕЎСКАЯ,
загадчыца Новаяльнянскай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga