Вясновыя канікулы для другакласніцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Эміліі Шавель аказаліся з нечаканым сюрпрызам.

У лістападзе 2025 года дзяўчынка прыняла ўдзел у творчым рэспубліканскім конкурсе “Стандартызацыя і я”, які праводзіўся Беларускім дзяржаўным інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС). Конкурс быў прысвечаны тэме “Стандарты для бяспечнага дзяцінства”. Для ўдзелу ў ім Эмілія распрацавала інфармацыйны праект “СТБ – сакрэт бяспечнай цацкі” і трапіла ў прызёры. Таму на канікулах яе чакала паездка ў горад Мінск на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў.

Там для канкурсантаў была арганізавана пазнавальная экскурсія па выпрабавальных лабараторыях БелДІСС. Дзеці даведаліся, што прыборы электратэхнікі і электронікі, перш чым патрапіць на паліцы магазінаў, праходзяць шэраг выпрабаванняў. У радыёбязрэхавай зоне праводзяцца выпрабаванні габарытнага транспарту – электробусаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, буйнагабарытнага абсталявання. Гэта камера ўнікальная як у краіне, так і на прасторы СНД. Удзельнікам экскурсіі паказалі, якія іспыты па параметрах бяспекі праходзіць бытавая тэхніка, паслухалі касмічную цішыню ў акустычнай камеры, наведалі лабараторыі па вызначэнні параметраў энергаэфектыўнасці халадзільнікаў, пральных і пасудамыечных машын, кандыцыянераў, лямпаў. Паглядзелі ў метралагічным цэнтры інстытута, як вырабляюцца вагі і лічыльнікі электраэнергіі.

Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў прайшло ў канферэнцзале. Як аказалася, у чэленджы “Беларуская якасць – традыцыі, працавітасць, тэхналогіі” 1 месца ў нашага Гродзенскага мясакамбіната. Сярод прызёраў дзіцячага творчага конкурсу аказалася і Эмілія, атрымаўшы дыплом і каштоўны падарунак.
Жанна БУДЗЕВІЧ,
класны кіраўнік 2 класа
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае