Адбылося пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, намесніка старшыні Праўлення Белкаапсаюза Аксаны Скіндэр. На парадак дня былі вынесены тры пытанні.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені-верасні 2024 года расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.

Адзначыла, што за гэты час у сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 145,2 мільёна рублёў. Тэмп росту – 110,5 % пры заданні 106,5 %. У галіне жывёлагадоўлі – 109,6 %, раслінаводстве – 111,5 %. Усе сельгасарганізацыі забяспечылі рост вытворчасць валавой прадукцыі звыш 100 %. Захавалася станоўчая дынаміка ў вытворчасці малака, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы, збожжа, кукурузы на зерне, цукровых буракоў, нарыхтоўцы кармоў з травы. Знізілася вытворчасці рапсу, бульбы, прадукцыі вырошчвання свіней. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур без кукурузы ў бункернай вазе склаў 59 600 тон – 108,4 % да мінулага года, рапсу – 11 236, кукурузы ў бункернай вазе – 12 323 тоны.

Сяўба азімых збожжавых і зернебабовых культур праведзена на плошчы 8322 гектары, з іх на зерне – 8306 гектара. Пасевы азімага рапсу і азімай свірэпіцы – 4968 гектараў, што на 1337 больш, чым летась. Па выніках гэтага года чакаецца выкананне задання па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах на ўзроўні 108,5 % пры заданні 107,1 %. У цэлым у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна за дзевяць месяцаў атрымана 3668 тысяч рублёў чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажаў склала 2,3 %.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за гэты ж перыяд склаў 105,3 % пры заданні 103,4 %. Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА Дварэцкі льнозавод, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Не забяспечылі па аб’ектыўных прычынах Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўская сельгастэхніка, Новаяльнянскі КХП, камунгас. Разам з тым, па выніку гэтага года ІФА чакаецца 103,6 % пры заданні 103,5 %.

Аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі за 9 месяцаў па раёне склаў 91 563,4 тысячы рублёў або 104 % пры гадавым заданні 103, 9%.

За студзень-верасень уведзена ў эксплуатацыю 1109 квадратных метраў агульнай плошчы жылля індывідуальнага будаўніцтва. У трэцім квартале працягваюцца будаўніча-мантажныя работы па рэканструкцыі нежылога будынка ў Казлоўшчыне пад шматкватэрны жылы дом (1877 кв.м), будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў Дзятлаве (1976 кв.м). Здача аб’ектаў запланавана на 4 квартал 2024 года.

Аб выкананні бюджэту за 9 месяцаў расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. Яна адзначыла, што ў бюджэт раёна паступіла 36 147,8 тысячы рублёў уласных даходаў, удакладнены гадавы план выкананы на 67 %. Асноўная ўдзельная вага ўласных даходаў бюджэту сфарміравана за кошт падатковых даходаў. Акрамя ўласных даходаў у бюджэт раёна атрыманы бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту ў агульнай суме 16 580,3 тысячы рублёў, або 70,6 % да ўдакладненага гадавога плана.

У эканамічнай структуры расходаў 80,7 працэнта прыпадала на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў.

Кансалідаваны бюджэт Дзятлаўскага раёна за 9 месяцаў 2024 года выкананы з прафіцытам у суме 928,5 тысячы рублёў.

Як адбываецца рэалізацыя ў Дзятлаўскім раёне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” расказаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. Ён адзначыў, што сёлета ўжо 49 дамоў выключаны з рэестра ў сувязі з іх зносам, продажам або атрыманнем апавяшчэнняў аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі нацэліў кіраўнікоў сельвыканкамаў працаваць актыўней па продажы пустуючых дамоў.

Кіраўнік раёна адзначыў, што ў цэлым сітуацыя па раёне складваецца паспяхова, хоць ёсць прадпрыемствы і напрамкі, дзе варта прыкласці намаганні, выслухаў іх кіраўнікоў, як збіраюцца спраўляцца з задачамі, а таксама пацікавіўся рэалізацыяй у раёне праекта “Адзін раён – адзін праект”.

Вольга Жэлезоўская патлумачыла, што пляцоўкай для яго рэалізацыі было выбрана ТАА “Ізакам Пласт”, праект скіраваны на вытворчасць прадызаляваных трубаў, перыяд рэалізацыі – 2020-2025 гады, рэалізаваны на 99 %, створана 5 рабочых месцаў, а планавалі – 20, пытанне мяркуецца вырашыць, калі запрацуе лінія. У далейшых планах – наступны праект на базе ТАА “Триал эксперт” з абсталяваннем новага цэху па выпуску рапсавага алею.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 

 

Похожие публикации