Дзень пажылых людзей прысвечаны самым добрым, мудрым, паважаным людзям. Ім дзякуюць за цяпло іх сэрцаў, за аддадзеныя рабоце сілы, за вопыт, якім дзеляцца з маладым пакаленнем. Асабліва цэняць увагу і клопат адзінокія. Да такіх людзей, якія цяпер жывуць агульнай сям’ёй пад адным дахам у Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, у святочны дзень з падарункамі прыехалі госці.

Павіншавалі насельнікаў аддзялення старшыні Казлоўшчынскага і Вензавецкага сельвыканкамаў Ала Гародка і Аляксандр Дубовік, пажадалі моцнага здароўя, дабра, доўгіх гадоў жыцця, каб заставаліся маладымі душой, падзякавалі за іх шматгадовую працу.

Карыснымі вітаміннымі падарункамі – духмянымі яблыкамі і салодкім мёдам – парадаваў мудрых людзей дырэктар ТАА “Панэкспа” Павел Сазон, пажадаў ім пабольш сонечных ціхіх дзён.

– Паважаныя нашы доўгажыхары, з боку дзяржавы вам аказваецца шмат увагі, падтрымкі, клопату. Але нават калі ёсць цяжкасці, не трэба скардзіцца на лёс, асуджаць іншых, жыццё бывае розным. Наша задача – каб вам у нашай агульнай сям’і было добра і ўтульна. Жадаю бадзёрага настрою, павагі і ўдзячнасці. Цаніце ўсё тое, што робіць для вас дзяржава і людзі. Верце ў Бога, спадзявайцеся на заўтрашні дзень – і ўсё будзе добра, – павіншавала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, перадала падарунак ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Госці не абышлі асаблівай увагай самую старэйшую насельніцу ўстановы 107-гадовую Юлію Фларыянаўну Гульнік.

Загадчыца аддзялення Наталля Ляждзей далучылася да віншаванняў, падзякавала ўсім за падарункі для сваіх падапечных.

Святочны настрой музыкай і ўсімі любімымі песнямі падтрымалі артысты Казлоўшчынскага дома культуры.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации