У Казлоўшчынскім сельвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва разам з кірмашом вакансій для грамадзян, не занятых у эканоміцы. Удзел у ім прымалі старшыня камісіі, ён жа старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, зацікаўленыя наймальнікі.

На размову з’явіліся восем чалавек. З кожным з беспрацоўных размаўлялі прадметна і прынцыпова. Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі былі пытанні працаўладкавання, бо гэтыя грамадзяне  выклікаюць у членаў камісіі небеспрычынную заклапочанасць, вядуць асацыяльны лад жыцця.

Як аказалася, большасць з іх неаднаразова разглядаліся на камісіях, але прадаўжаюць выпіваць, ухіляюцца ад работы. Сітуацыі сустракаліся розныя. Некаторыя раней працавалі, і нават водзывы іх наймальнікаў былі даволі станоўчыя, бо рукі ёсць, справу ведаюць, парадак у рабоце спраўна трымаюць, але ж “да першай чаркі”, а потым шукай ветра ў полі. І нават нягледзячы на гэта, былы працадаўца зноў спрабуе дапамагчы, прапаноўвае работу, дапамогу па афармленні дакументаў, нават маральную і матэрыяльную, як аднаму з прысутных. Але дастукацца да іх сумлення аказваецца не так проста: сюды не хачу, туды пайду, але не бяруць, бо ўжо не давяраюць, жыву добра, збіраю грыбы, а што далей будзе, тое яшчэ пабачым. На жаль, той, хто “зарабляе” ў лесе, мала задумваецца пра будучую пенсію. Тым не менш, не занятым у эканоміцы мясцовым жыхарам пастаянна тлумачаць, якія наступствы могуць быць ад іх “вольнага” ладу жыцця. 

Крыўдна, што ў асноўным гэта людзі працаздольнага ўзросту, яшчэ маладыя, але схільнасць да чаркі не дае шанцаў на выпраўленне. Адзін з іх увогуле пабываў у лячэбна-працоўным прафілакторыі аж чатыры разы, хутка адправіцца туды зноў, дакументы ў стадыі завяршэння, аднак ні кроплі віны, раскаяння і сораму, “і там людзі жывуць” – робіць ён заключэнне сваёй сумнай жыццёвай гісторыі.

Вынік усё ж ёсць. Гэта на сёння працаўладкаванне жанчыны поварам у Казлоўшчынскую гарпасялковую бальніцу. З дакументамі адразу пасля пасяджэння камісіі яна адправілася для канчатковага вырашэння пытання  ў Дзятлаўскую ЦРБ. Яшчэ некалькіх чалавек чакаюць на днях наймальнікі з надзеяй на іх рашэнне ўзяцца за розум. Аднаму аказалі садзейнічанне ў афармленні інваліднасці, так як чалавек зусім дрэнна бачыць, таму не можа прайсці медыцынскую камісію для працаўладкавання, другому растлумачылі, як аформіць апякунства над старэнькай маці, хоць сам ён не злоўжывае алкаголем ужо чатыры гады, але працаваць не мае магчымасці. Добра будзе, калі давядуць яны распачатую справу да канца, шанц дадзены, астатняе – за імі.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации