Усе гэтыя мерапрыемствы прайшлі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Адзіны дзень бяспекі”, скіраванай на прафілактыку надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў і прапаганду бяспечных умоваў жыцця і работы.

Асноўная мэта мерапрыемства заключаецца ў павышэнні ўзроўню інфармаванасці насельніцтва ў пытаннях забеспячэння бяспекі і навучанні правільным дзеянням ва ўмовах пажараў і іншых экстранных сітуацый, а таксама ў аказанні першай дапамогі. Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемстваў Адзінага дня бяспекі выступілі кіраўнікі і супрацоўнікі арганізацый: па іх ініцыятыве работнікі Дзятлаўскага РАНС, раённых газавай службы, энергагазінспекцыі, Дзятлаўскай ЦРБ, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама аказалі падтрымку ў правядзенні трэніровак і навучальных заняткаў.

На базе сацыяльнага пансіяната “Колас” працавала інфармацыйная група пад кіраўніцтвам начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка. Работнікам установы расказалі аб паводзінах у час пажару і папярэджанні яго, аказанні першай медыцынскай дапамогі, нагадалі, як не дапусціць электратраўмы і не стаць ахвярай тэлефонных інтэрнэт-махляроў. 

Была праведзена трэніровачная эвакуацыя сёмага і дзявятага аддзяленняў пансіяната, у час якой работнікі ўстановы паўтарылі парадак паводзінаў пры ўзнікненні пажару.

– Вучэбная адпрацоўка дзеянняў пры пажары і эвакуацыі –мерапрыемствы, якія рэгулярна праводзяцца ў сацыяльным пансіянаце “Колас”, – адзначыў дырэктар установы Ігар Ціхан. – Пры гэтым Адзіны дзень бяспекі – добрая магчымасць для нашых работнікаў яшчэ раз на практыцы адпрацаваць алгарытм дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, упэўніцца, што ў рэальных умовах кожны выканае свае абавязкі і выратуе жыхароў установы, чые жыццё і здароўе – сфера нашай адказнасці. Дзякуй ратаўнікам і службам раёна за аказанне дапамогі ў арганізацыі мерапрыемства.

У Дзятлаўскім ПМС таксама прайшлі тэарэтычныя заняткі, якія завяршыліся ўмоўнай адпрацоўкай тушэння ўзгарання бытавой тэхнікі з дапамогай парашковага вогнетушыцеля і эвакуацыяй адміністрацыйнага будынка ўстановы.

У гэты дзень на гарадскім рынку ў райцэнтры працавалі тэматычныя пляцоўкі Дзятлаўскага РАНС, аператыўных службаў раёна, раённай арганізацыі Таварыства Чывонага Крыжа, якія зацікавілі юных навучэнцаў горада Дзятлава.

Практычная адпрацоўка планаў эвакуацыі людзей на пажары прайшла ва ўсіх навучальных установах Дзятлаўшчыны, а таксама ў двух інтэрнатах у райцэнтры. На базе раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абмеркавалі і замацавалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі.

Адзіны дзень бяспекі праводзіцца ў рэспубліцы з 2018 года па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі. Ідэя правядзення гэтага дня была выклікана трагедыяй у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў Кемерава, Расія, дзе ў 2018 годзе ў выніку пажару загінулі 60 чалавек, з якіх 37 былі дзецьмі, а яшчэ 79 атрымалі траўмы. У тым інцыдэнце не было арганізавана належнае апавяшчэнне аб пажары і эвакуацыі наведвальнікаў, што прывяло да панікі і цісканіны. Многія людзі загінулі ля закрытага эвакуацыйнага выхаду, а пазней апавяшчэнне аб пажары стала прычынай трагедыі ў адной з кіназалаў, дзе шляхі эвакуацыі былі адрэзаны агнём.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации