Categories: Падзеі

Сем дзён у Кахеціі. Частка 4

Тамада – гэта майстэрства

Майстэрства кіраваць застоллем у Грузіі перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ужо змалку бацька-тамада навучае сына, перадае яму свае ўменні і сакрэты. Як кажуць самі грузіны, калі на застоллі прагучала менш за 20 адмысловых славаслоўяў-тастоў, то гэта не застолле, а так – крыху пасядзелі.

Нездарма ў самым цэнтры Тбілісі пастаўлены помнік тамадзе. Рог, які трымае тамада, а таксама рукі і калені скульптуры выцерты да бляску. Усе, хто бывае каля помніка, стараюцца дакрануцца да тамады і загадаць запаветнае жаданне. Маё, напрыклад, спраўдзілася, і пра гэта я ўжо магу сказаць: а загадала, каб вандроўка была прыемнай, цікавай, бяспечнай. Атрымалася!

Як запэўніваў нас экскурсавод, ніхто не можа спаборнічаць у вінапіцці і славаслоўі з грузінскім тамадой. Нават не варта спрабаваць. Ён трымае ў галаве і прыдумвае на хаду тысячы тастоў, пачынаючы ад дабрабыту і міру на Радзіме, шчасця сям’і і заканчваючы легендай ці наогул казачным сюжэтам. І заўжды да месца, па тэме. У гэтым пераканаліся, калі спыніліся на верхняй кропцы перавала, на вышыні 1612 метраў, каб адзначыць “пераход праз верхні Каўказ”. Пажылы грузін, які за сваё жыццё, відаць, сказаў нямала тастоў, прамовіў: “Дык няхай гэтак жа лёгка пераадольваюцца ўсе жыццёвыя перавалы. Будуць побач надзейныя сябры, хопіць віна, а навокал будуць вечныя горы і вечная прыгажосць!”. Лепш і не скажаш!

Свята горада Тбілісі

У сярэдзіне кастрычніка Тбілісі святкуе свой Дзень горада. Сёлета ён праводзіўся 15 кастрычніка, і мы зусім неспадзявана трапілі на ўрачыстасці. У цэнтры горада і на іншых плошчах Тбілісі праходзілі канцэрты, выставы, працавалі атракцыёны, кірмашы, ладзіліся дэгустацыі маладога віна і , вядома ж, шашлыкоў. Усе за святочны дзень настолькі прапахлі дымам, што ён, здаецца, адчуваўся і ў самалёце, якім вярталіся беларусы ў Мінск.

Развітваліся з Грузіяй мы менавіта святочным днём, але да гэтага было дастаткова часу пахадзіць па вузкіх вулачках старога Тбілісі, палюбавацца мастом Міру, па падвясной дарозе падняцца да крэпасці Нарыкала, папарыцца ў знакамітых тбіліскіх серных лазнях, пабачыць шматгалосы тбіліскі базар.

Азбука Морзэ на мосце

Асабліва прыгожы Тбілісі вячэрні, калі загараюцца тысячы агнёў. Яны ступенямі падымаюцца ўверх, аж да крэпасці Нарыкала з адмысловай падсветкай. З кабіны падымальніка, які вязе турыстаў да крэпасці, бачны і старыя, і новыя кварталы Тбілісі. А найперш – мост Міру праз раку Кура. Яго лічаць адным з найпрыгажэйшых мастоў свету. Пабудавалі мост параўнальна нядаўна. У 2010 годзе, у Дзень святога Георгія, апекуна Грузіі, адкрылі. Кажуць, што ініцыятыва будоўлі сыходзіла ад Міхаіла Саакашвілі, які на той час быў на чале Грузіі. Ідэя гэтай архітэктурнай пабудовы заключаецца ў тым, што мы, людзі, адно цэлае, мы павінны жыць са згодай і ладам. Менавіта таму вечарам на шкляным даху моста загараюцца каля 30 тысяч святлодыёдных лямпачак, а праз азбуку Морзэ яны транслююць элементы табліцы Мендзялеева, якія ўваходзяць у склад чалавечага арганізма.

З часу свайго адкрыцця мост Міру стаў адной з візітных картак Тбілісі. Ён – на паштоўках, канвертах, шматлікіх сувенірах і цукерках. Мост пазнаеш, калі развітваешся з вышыні з гасціннай Грузіяй.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота аўтара

administrator

Recent Posts

Марафон нявест зноў на Дзятлаўшчыне!

Два гады дзятлаўчане з нецярпеннем чакалі адзін з самых пяшчотных, вытанчаных і грацыёзных конкурсаў, які…

1 день ago

Ведае ўчастковы. На чыгунцы будзьце ўважлівыя

Пытанне: якія меры асабістай бяспекі на чыгунцы неабходна выконваць, каб засцерагчы сваё жыццё і маёмасць?…

1 день ago

Збожжа – у засеках, каравай – на стале

Весела і ўрачыста з песнямі ад мінскай групы “Добрыя людзі”, шчырымі пажаданнямі і заслужанымі ўзнагародамі…

2 дня ago

Выгодная подготовка к новому учебному году вместе с официальными дилерами А1!

До начала учебного года осталось совсем немного времени, а значит, сейчас самое время подготовиться к…

2 дня ago

Александр Лукашенко о неформальных переговорах с Президентом Мьянмы: обсудили все направления сотрудничества

Президенты Беларуси и Мьянмы во время состоявшейся 20 августа неформальной встречи обсудили все направления сотрудничества.…

2 дня ago

Дзятлаўчане на абласной жнівеньскай педагагічнай нарадзе

21 жніўня ў Гродне прайшла традыцыйная штогадовая жнівеньская педагагічная нарада, якая сабрала разам кіруючых работнікаў…

2 дня ago