На калегіі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама падведзены вынікі развіцця сферы фізічнай культуры, спорту і турызму Прынёмання за мінулы год, вызначаны задачы на сёлета, лепшым уручаны ўзнагароды.
У намінацыі “На лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы” сярод 11 раёнаў другой групы сектар спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама заняў другое месца. Загадчыку сектара Дзмітрыю Ёду ўзнагароду ўручыў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Максім Малахоўскі. Яшчэ Дзмітрый Казіміравіч адзначаны падзякай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

– Дасягненням нашага раёна паспрыяла работа дзвюх установаў – Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, – расказаў Дзмітрый Ёда. – Улічвалася шмат паказчыкаў: летась у раёне яны дасягнуты ў рамках дзяржаўных праграм як спорту, так і турызму. Дзятлаўшчына поўнасцю выканала мерапрыемствы абласнога календара, куды ўваходзяць спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, школьнікаў, сярод ДЮСШ, сельскіх жыхароў дарослых – “Колас” і дзяцей – Каласок” і іншыя. На іх дзятлаўчане выступалі паспяхова.

На Гродзеншчыне ў 2024 годзе выплачваліся 127 стыпендый перспектыўным спартсменам, дзве з якіх – Дзятлаўскім райвыканкамам. Іх атрымлівалі выхаванцы аддзялення “Цяжкая атлетыка” Дзятлаўскай ДЮСШ Павел Гурскі і Арцём Блоцкі. За чвэрць стагоддзя ў розныя саставы зборных Беларусі ўвайшлі дзевяць спартсменаў з нашага раёна, двое з якіх, Павел Гурскі і Анастасія Францішчык, у 2025 годзе залічаны ў састаў нацыянальнай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы.
Варта адзначыць, што дзвюма спартыўнымі ўстановамі раёна выкананы і паказчык па пазабюджэтнай дзейнасці: зароблена 23 тысячы рублёў.
Разглядалася пытанне развіцця аматарскага спорту. Раёнам кірунак прадстаўлены дастойна: гэта і ўдзел у чэмпіянатах вобласці па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд, дзе жанчыны занялі першае месца, і выступленне футбольнай камандай ФСК Дзятлава, якая па выніках 2024 года знаходзіцца на пятым месцы. Высокаму выніку паспрыяў удзел дзятлаўчан і ў такіх традыцыйных спаборніцтвах, як “Скураны мяч”, “Залатая шайба”, шэрагу іншых.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і ўдзельнікаў калегіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее