Светлая і цёплая ад жаночых усмешак, яркая ад букетаў, звонкая ад песенных падарункаў сустрэча да 8 Сакавіка, падораная кіраўніцтвам раёна працаўніцам, матулям, актывісткам Дзятлаўшчыны, адбылася ў гімназіі № 1 горада Дзятлава.














– Сёння словы ўдзячнасці і пажаданняў вам, жанчыны, – павіншаваў прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Свята гэта каранямі ідзе ў савецкае мінулае. Выдатна, што і ў наш час прадаўжаецца добрая традыцыя цаніць і ўшаноўваць жанчын. Як кіраўнік раёна выказваю вам удзячнасць за вашу працу, якой праслаўляеце Дзятлаўшчыну. У эканоміцы раёна сярод актыўнага насельніцтва 56 % складаюць менавіта жанчыны. Сёння вас нельга недаацэньваць як матуляў і жонак, вы гарманічна сумяшчаеце ўсе абавязкі. Шчырыя словы ўдзячнасці – шматдзетным мамам, якіх у раёне больш за тры сотні, а 51 жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей. Безумоўна, гэта нагода для гонару, бо асноўнае ваша прызначэнне – прадаўжэнне жыцця, якое мы бачым у дзецях. Жадаю вам дабрабыту, поспехаў, здароўя, каб вашы сем’і заўжды былі надзейным тылам і апорай, а дзеці радавалі. Дзякуй за вашы працу і поспехі. Са святам!


Ад Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта кожнай жанчыне ў зале былі ўручаны кветкі.







Прадоўжылася свята на творчай ноце. Вядучая ўрачыстасці Людміла Раманава дала кожнай з удзельніц кароткую характарыстыку, а на вялікім экране прысутныя змаглі ўбачыць фотапрэзентацыі аб захапленнях і прафесійных дасягненнях зямлячак, не абышлося і без цікавых заданняў для іх.











Шмат прыемных эмоцый падарыў ролік-віншаванне ад актывістак раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і яе лідара Алены Васкель.

Далучыліся да пажаданняў і прафсаюзы.

– Мы ўжо ўпэўніліся, што вы, жанчыны, паспяховыя ў многіх сферах і справах, – зазначыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. – Вы старанныя, паслядоўныя, акуратныя, актыўныя ў грамадскіх справах, на вашых плячах і сямейныя клопаты. Жадаю, каб кожны дзень у вас былі прычыны для радасці, знаходзьце добрае ў простых рэчах. Шчасця вам!

Уладзімір Фёдаравіч уручыў падарункі работніцам сяла і перапрацоўчай галіны – Алене Латушка, Вользе Аўхім, Марыі Слушко, Святлане Кірыла, Таццяне Кардаш, Ірыне Лагун, Іне Шулейка, Ірыне Лішык, Аксане Ракіцкай, Марыне Добыш, Таццяне Гранкоўскай.










Эстафету шчырых словаў і падарункаў пераняла старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова. Яна павіншавала Алу Лазовік, Тамару Крывеню, Вольгу Роўбу, Марыну Ігнацік, Наталлю Трахімовіч, Таццяну Ясюлевіч, Наталлю Белаус, Жанну Цяцерыну, Наталлю Ліцкевіч, Людмілу Варган, Таццяну Жынко.









Першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык ад імя моладзі раёна ўручыла падарунак Тамары Шавель.

Святочныя падарункі ад прафсаюза атрымалі таксама Алена Ёда, Вольга Хінько, Алена Свораб, Іна Петрукевіч, Алена Скрундзь, Алена Герус, Наталля Даргевіч, Паліна Назарава, Ніна Сцепановіч, Ала Белая, Алена Якубоўская, Наталля Скібінская, Таццяна Грыцук, Ганна Вянско, Аксана Афанасенкава, Вольга Дзямідава, Ірына Іваноўская.









Яркія музычныя паштоўкі зямлячкам дарылі работнікі культуры і Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія і падрыхтавалі праграму ўрачыстасці.



Скончылася сустрэча прыемным чаяваннем.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#АПК #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее #поздравления