Роднае-народнае. Чым адметны абрад “Юр’е” ў вёсцы Ахонава?

У праваслаўным календары 6 мая пазначана як дзень Святога велікамучаніка Георгія Пераможцы, а ў беларускай народнай традыцыі гэта дата ўшаноўваецца яшчэ як старадаўняе земляробчае свята.

5 мая абрад “Юр’е” праходзіць у вёсцы Ахонава. Ён з’яўляецца першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як адметная рыса праяўлення лакальнай культурнай традыцыі з прысваеннем катэгорыі “А”.

– На Дзятлаўшчыне свята Юр’я шырока адзначалася ў кожным куточку. Захаваліся звесткі, як яно праходзіла ў вёсках Горка, Погіры, Студзераўшчына, Васявічы, іншых населеных пунктах раёна, – расказала метадыст аддзела метадычнай работы Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч. – У хрысціянскай традыцыі велікамучаніку Георгію прыпісваецца шмат цудаў і подзвігаў, самы вядомы з якіх – перамога над змеем, што паядаў людзей. У гэты дзень у царквах праходзілі службы, асабліва шматлюдныя, дзе храмы насілі імя гэтага святога. У час “прастольнага” свята адбывалася ўшанаванне мясцовых святынь: разам са святаром людзі наведвалі капліцы на могілках, цудадзейныя крыніцы і камяні, адносілі “аброкі” ў царкву і да крыжоў. На крыжах, што па канцах вёскі, вешалі аброчныя ручнікі і вяночкі.

У народзе ж святога Георгія называлі “Божы ключнік”. Лічылі, што ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, зямлю, выпускае расу, бласлаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёлу. Адсюль і традыцыя ахоўных абрадаў, звязаных з “запаскамі” – першым выганам кароў у поле.

– У чым асаблівасць ахонаўскага абраду?

– Ён вылучаецца выразнымі лакальнымі   адметнасцямі сярод беларускіх юр’еўскіх абрадаў, неаднаразова ўзгадваецца ў зборніках фальклору і этнаграфічных матэрыялаў яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Акрамя традыцыйнай земляробчай і жывёлагадоўчай тэматыкі абрад уключае шлюбны змест. Ён суправаджаецца развітым цыклам юр’еўскіх абрадавых велічальных і пазаабрадавых лірычных песень. Юр’еўскія песні, якія наогул дастаткова рэдка суправаджаюць гэта свята, у вёсцы Ахонава даволі разнастайныя, насычаныя мастацкімі вобразамі, адрозніваюцца мелодыямі. Нарэшце, юр’еўскі абрад у гэтай мясцовасці ўключаны ў цыкл абходных абрадаў.

– Што традыцыйна адбывалася ў Ахонаве 5-6 мая?

– Напярэдадні свята жыхары ўпрыгожвалі свае хаты і вясковыя крыжы, гатавалі святочную ежу, рыхтавалі святочнае адзенне. На Юр’е кожная гаспадыня святой вадою акрапляла сваю жывёлу, сыпала асвечаную соль на хлеб і давала каровам, біла іх асвечанай у Вербную нядзелю ў храме вербачкай, жадала, каб былі дужыя, здаровыя і прынеслі прыплод. Затым вярбінку ўтыкалі пад страху, пад парог хлява ахонаўцы клалі асвечанае яйка і дзягу “ад усялякага гадства”. Увечары гаспадыня сустракала скаціну з поля з той жа вербачкай, затым зноў утыкала яе пад страху, каб асвечаная галінка штодзённа вяртала жывёлу дадому. Яшчэ ў гэты дзень жанчыны рабілі сыр, каб на працягу года іх дамашняя гаспадарка была багатая прадуктамі.

Шлюбныя і жывёлагадоўчыя матывы свята ў Ахонаве цесна пераплецены. Вяскоўцы расказваюць і пра традыцыйную святочную варажбу: на Юр’е дзяўчаты ішлі на мяжу да ўсходу сонца, збіралі 12 кветачак, плялі маленькі вяночак, надзявалі на мізінец, ішлі моўчкі дадому і клаліся спаць, верылі, што прысніцца жаніх. Першыя веснавыя кветкі вясковыя гаспадыні выкарыстоўвалі і для таго, каб абараніць жывёлу. Іх асвячалі ў царкве на Юр’е і назаўтра давалі карове з хлебам, каб не хварэла і было шмат малака.

– Праўда, што ахонаўскае Юр’е ўключана ў падзейны каляндар раёна?

– Гэта так. Сёлета 5 мая работнікі Новаяльнянскага дома культуры зноў разам з вяскоўцамі запрашаюць усіх жадаючых у Ахонава ў 14 гадзін да мясцовага крыжа, дзе пачнецца абрадавая дзея. Упершыню старадаўні юр’еўскі абрад пройдзе і ў Наваельні – ад крыжа па вуліцы Дзятлаўскай у 17 гадзін.

– Што ў праграме мерапрыемства?

– Спявачкі пройдуць ад крыжа да крыжа, узгадаюць народныя юр’еўскія звычаі і прыкметы, абавязкова праспяваюць маладым “Малодачку”, правераць на трываласць юр’еўскі паясок. Традыцыі на Дзятлаўшчыне жывуць і з года ў год будуць пашырацца, да іх далучацца і іншыя населеныя пункты раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

14 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

14 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

15 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

15 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

16 часов ago

Программа заключительных мероприятий XV Республиканского фестиваля национальных культур

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

16 часов ago