Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа з 1 кастрычніка па 5 снежня праводзіць дабрачынную кампанію “Ваша дапамога”.
Яна скіравана на аказанне дапамогі пажылым людзям і грамадзянам з інваліднасцю, падапечным медыка-сацыяльнай службы Беларускага Чырвонага Крыжа “Дапамога”.
– У гэты перыяд па ўсёй Беларусі ладзяцца дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы, мэта якіх – павысіць якасць жыцця пажылых людзей і інвалідаў, – расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Аб’яднанне нашага раёна таксама ўключылася ў кампанію “Ваша дапамога”, актыўны ўдзел у ёй па добрай традыцыі будуць прымаць і валанцёры сярэбранага ўзросту – дзятлаўчане 60+.

У рамках Дня пажылых людзей і Тыдня бацькоўскай любові раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа ўжо перадала землякам, якія маюць у іх найбольшую патрэбу, рэчы асабістай гігіены ад вытворцы гігіенічных, касметычных і медыцынскіх вырабаў ТАА “МедЛен”. Падгузнікі для пацыентаў атрымалі бальніца сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы, Казлоўшчынская гарадская бальніца і Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Кампанія прадаўжаецца, валанцёры арганізацыі будуць дапамагаць адзінокім пажылым жыхарам раёна ва ўборцы дамоў і тэрыторый, дастаўцы прадуктаў і лекаў, наведваць сацыяльныя ўстановы, дзе знаходзяцца такія катэгорыі грамадзян.

Таксама ажыццяўляецца збор матэрыяльнай гуманітарнай дапамогі для наступнай раздачы тым, хто мае патрэбу. Жадаючыя прыняць удзел у кампаніі могуць далучацца да добрых спраў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga