Пад такой назвай у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава ў рамках Тыдня бацькоўскай любові прайшло раённае мерапрыемства для замяшчальных бацькоў Дзятлаўшчыны.
Упрыгажэннем сустрэчы стала раённая выстава фотакалажаў “Сям’я – гэта…” аб жыцці прыёмных, апякунскіх сем’яў, дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская павіншавала прысутных са святамі, пажадала здароўя, цяпла, разумення і дабрабыту ў сем’ях. Яна акцэнтавала ўвагу на важнасці прафесій “прыёмныя бацькі” і “бацькі-выхавальнікі”, паколькі менавіта такія людзі даюць дзецям, якія засталіся без апекі кроўных бацькоў, магчымасць жыць у сям’і, атрымліваць любоў і клопат, а таксама гарантуюць абарону іх правоў і законных інтарэсаў. Алена Анатольеўна падкрэсліла, што прафесійныя мамы і таты – тыя, хто гатовы прыняць на выхаванне любое дзіця і стварыць для яго развіцця стабільнае і бяспечнае асяроддзе.

З нагоды Дня маці і Дня бацькі прыёмным бацькам і бацькам-выхавальнікам ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі райвыканкама Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі і супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра былі ўручаны падарункі. Прыемным сюрпрызам для замяшчальных мамаў і татаў сталі сувеніры і паштоўкі, зробленыя іх выхаванцамі.

Напрыканцы сустрэчы прайшоў майстар-клас: яго ўдзельнікі ў розных тэхніках, выкарыстоўваючы цеста-пластылін, размалявалі карцінкі з домікамі і прыродай вакол іх. Калі дамы “былі пабудаваныя”, прысутныя яшчэ ўпрыгожылі сімвалічнае дрэва лістамі-пажаданнямі для сваіх дзяцей.
Кацярына ГУБКО,
сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае