Ранейшы старшыня аб’яднання Міхаіл Губар выбраны яго намеснікам, адказным сакратаром зноў стала Ядвіга Гушча, у саставе прэзідыума – дзевяць чалавек, колькасны састаў раённага савета ветэранаў – 35 чалавек.

27 студзеня на Дзятлаўшчыне прайшла дзясятая справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, удзел у якой прымалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, старшыня Гродзенскага гарадскога савета ветэранаў Аляксандр Радзівонаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, галоўны рэдактар раённай газеты “Перамога” Ірына Камарова.

Аб рабоце раённай ветэранскай арганізацыі ў 2021-2025 гадах расказаў Міхаіл Губар. Ён адзначыў, што за гэты час з жыцця пайшлі 5 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 15 вязняў нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, памяць якіх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Цяпер на тэрыторыі Дзятлаўшчыны няма ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ жывуць шэсць вязняў, а ўсяго розных катэгорый ветэранаў налічваецца 5745 чалавек, функцыянуюць 26 ветэранскіх арганізацый. Справаздачны перыяд быў багаты на падзеі, сярод найбольш значных: 35-годдзе раённага савета ветэранаў, Рэспубліканскі рэферэндум па абнаўленні Канстытуцыі Беларусі, выбары дэпутатаў ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, выбары Прэзідэнта Беларусі, прыняцце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, іншыя.

Сярод асноўных кірункаў работы раённай ветэранскай арганізацыі былі і застануцца – сацыяльная абарона ветэранаў і клопат аб іх, работа з моладдзю, патрыятычнае выхаванне, увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны, удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, культурна-масавая, творчая, валанцёрская дзейнасць.

На Дзятлаўшчыне шмат увагі надаецца пажылым і непрацаздольным землякам, працуюць аддзяленне кругласутачнага знаходжання, дом і кватэра сумеснага самастойнага пражывання, ажыццяўляецца сацыяльнае абслугоўванне ўразлівых катэгорый на даму, аказваецца адрасная падтрымка.

Актыў ветэранскага руху Дзятлаўшчыны прымае ўдзел у мітынгах, патрыятычных акцыях, вела- і аўтапрабегах, дыялогавых пляцоўках, віншавальных эстафетах, юбілейных і памятных сустрэчах, конкурсах, дабрачынных акцыях. Вялікая работа па ўвекавечанні памяці загінулых ад генацыду праведзена краязнаўцам Міхаілам Лук’янчыкам у тандэме з Валянцінам Абухавым, у свет выйшла кніга “Памяць мацнейшая за полымя”, а ў Новаяльнянскім школьным музеі працуе экспазіцыя “Генацыд на Дзятлаўшчыне”. У рамках міжнароднага праекта “Дарогамі Перамогі” Дзятлава наведала дэлегацыя з Томскай вобласці, чый зямляк Павел Пятроў пахаваны ў райцэнтры. 

Цікава праходзіць вольны час людзей пажылога ўзросту: у раёне працуе дзесяць клубных фарміраванняў, сярод якіх “Нам гады не бяда”, “У коле сяброў”, пастаянна абнаўляе творчую праграму народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі”, падтрымліваецца традыцыя на раённым узроўні ўшаноўваць ветэранаў розных галінаў дзейнасці, штогод у рамках рэспубліканскай акцыі “Павага, клопат, адказнасць” ладзяцца марафоны здароўя па скандынаўскай хадзе “Крок да даўгалецця”, арганізоўваюцца экскурсіі па знакавых і гістарычных месцах Беларусі і нашага раёна. Ветэранскі актыў плануе прадоўжыць работу па ўсіх гэтых кірунках і надалей.

У абмеркаванні тэмы паўдзельнічалі і прапанавалі прызнаць работу аб’яднання здавальняючай Уладзімір Грышук, Дзмітрый Малочка, Аляксандр Волкаў. Аб рабоце рэвізійнай камісіі раённага савета ветэранаў расказала яе старшыня Святлана Якаўчык. Абодва пытанні станоўча зацверджаны шляхам адкрытага галасавання. Удзельнікі канферэнцыі прагаласавалі таксама за ўваходжанне ў састаў раённай ветэранскай арганізацыі старшыняў галіновых ветэранскіх пярвічак і актывістаў ветэранскага руху раёна – усяго 35 чалавек, выбралі трох членаў рэвізійнай камісіі, прынялі пастанову канферэнцыі, дэлегатамі на Гродзенскую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю зацвердзілі Генадзя Сураўца, Міхаіла Губара, Ядвігу Гушчу.

За паспяховую работу на працягу справаздачнага перыяду ўдзельнікам раённага савета ветэранаў і яго старшыні падзякаваў Аляксандр Бараноўскі і ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Міхаілу Губару.

Да плённага супрацоўніцтва паміж аб’яднаннямі прысутных заклікаў Аляксандр Радзівонаў, падкрэсліўшы, што яна можа весціся як па ўвекавечанні памяці загінулых у гады Вялікай айчыннай вайны, так і з мэтай культурнага і творчага ўзаемадзеяння. Ён уручыў Міхаілу Губару Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога савета ветэранаў за плённую работу па сацыяльнай абароне ветэранаў і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі.

Па завяршэнні канферэнцыі прайшло першае пасяджэнне раённага савета ветэранаў у новым саставе, на якім яго старшынёй выбраны Генадзь Суравец. Прапаноўваючы кандыдатуру Генадзя Тадэвушавіча прысутныя адзначылі, што да выхаду на заслужаны адпачынак ён працаваў ваенным камісарам Дзятлаўскага раёна, бездакорна выконваў службовыя задачы, быў актыўным удзельнікам грамадскага жыцця раёна, а ў 2012 годзе Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўзнагароджаны медалём “За доблесную службу” ІІІ ступені.

З заступленнем на грамадскую пасаду Генадзя Сураўца павіншаваў Аляксандр Радзівонаў і ўручыў яму буклет “35 гадоў Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў” і кнігу “Памяць вогненных гадоў”.

Генадзь Тадэвушавіч падзякаваў за давер і паабяцаў плённа спраўляцца з задачамі, якія стаяць перад раённым ветэранскім аб’яднаннем.

Ірына СТЫРНІК        

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации