На Дзятлаўшчыне з ініцыятывы аддзела адукацыі райвыканкама пры ўдзеле спецыялістаў службаў прафілактыкі і адказных структур соцыуму прайшоў раённы бацькоўскі сход “Забеспячэнне комплекснай бяспекі дзяцей у летні перыяд: роля сям’і, школы і зацікаўленых ведамстваў”.

Пасяджэнню папярэднічала выстава фотаздымкаў па выніках чэленджа “Сям’я – гэта… і роля жанчыны ў ёй…”.

Аб завяршэнні 2025-2026 навучальнага года, арганізацыі аздараўлення і вольнага часу навучэнцаў на летніх канікулах, прафілактыцы сямейнага недабрабыту расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Па яе словах, заняткі ў школах у гэтым годзе скончацца 29 мая, а для навучэнцаў 9-11-х класаў – 25 мая. З 2026 года абавязковым для дзесяцікласнікаў будзе праходжанне вучэбна-палявых збораў па прадметах “дапрызыўная падрыхтоўка” для юнакоў і “медыцынская падрыхтоўка” для дзяўчынак. Для гэтага з 26 мая па 6 чэрвеня на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы будзе арганізаваны палатачны ваенна-патрыятычны летнік “Абаронца”. Практычныя заняткі ладзяцца ў рамках адукацыйнага працэсу, хто іх не пройдзе, не будзе пераведзены ў 11 клас, вызваленне магчыма толькі па медыцынскіх паказчыках пры наяўнасці даведкі. Урачыстасць “Апошні званок” сёлета прызначана на 23 мая, выпускныя вечары адзінаццацікласнікаў пройдуць 12 чэрвеня, выпускныя экзамены для дзевяцікласнікаў – з 1 па 10 чэрвеня, цэнтралізаваныя экзамены – 26 і 29 мая.  

Рэспубліканская аздараўленчая кампанія-2026 будзе ладзіцца пад дэвізам “Лета – гэта мы, лета – для краіны”, у рамках яе запланавана работа 33-х дзённых і кругласутачных летнікаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі, ЦКРНіР і ДРЦДАДіМ. У іх ліку – палатачныя, профільныя, летнікі працы і адпачынку. На базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі мяркуецца работа аб’яднанняў па інтарэсах рознай скіраванасці, будуць ладзіцца экскурсіі, тэматычныя пляцоўкі. Больш падрабязна з інфармацыяй можна азнаёміцца на сайтах установаў адукацыі ў раздзеле “Лета-2026”.

Закранаючы тэму сацыяльнага сіроцтва, Марына Лашкоўская адзначыла, што на Дзятлаўшчыне 81 дзіця з 29 сем’яў прызнана ў сацыяльна ненадзейным становішчы, трое адабраны ў бацькоў і знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, ужо за першы квартал гэтага года тры сям’і пазбаўлены правоў у адносінах да васьмі дзяцей. Асноўныя прычыны недабрабыту – злоўжыванне дарослых алкаголем, сямейныя скандалы, антысанітарыя. Дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў (36 чалавек па раёне), гадуюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, дзвюх прыёмных і 19 апякунскіх сем’ях. Каб пацвердзіць важнасць сямейнай тэмы, Марына Яўгеньеўна прачытала пасланні юных дзятлаўчан, якія яны напісалі ў рамках раённага конкурсу “Ліст падзякі” да Дня сям’і.

На бяспецы дзяцей у сеткавай прасторы, прафілактыцы інтэрнэт-рызыкі і ўцягнення непаўналетніх у дэструкцыйныя супольнасці спынілася памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна. Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Павел Бараноўскі патлумачыў, як абараніць навучэнцаў ад удзелу ў незаконным абароце наркотыкаў, нагадаў аб неабходнасці прававой адукаванасці і “дарослай” адказнасці за курэнне электронных цыгарэт і вэйпаў. Тэму прадоўжыў доктар-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Барыс Отчык, які расказаў, якую шкоду здароўю наносяць вэйпінг і энергетычныя напоі, як у падлеткаў фарміруецца залежнасць. Што такое булінг і дзе мяжа паміж “дзіцячай сваркай” і “катаваннем/хуліганствам”, растлумачыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч, а таксама спынілася на псіхалагічным здароўі, прафілактыцы дэпрэсіўных станаў і суіцыдальных паводзінаў падлеткаў. Пра магчымасці працаўладкавання моладзі, правы і абавязкі непаўналетніх работнікаў нагадала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань. Тэму адказнасці бацькоў за парушэнні правілаў пажарнай бяспекі і пакіданне дзяцей у небяспецы раскрыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі патлумачыў, як забяспечваецца дзіцячая бяспека на вадзе, якая ў гэтым роля бацькоў і як ажыццяўляе прафілактыку АСВОД.    

Вынікі сустрэчы падвяла Марына Лашкоўская. Яна падкрэсліла, што лета будзе цікавым, бяспечным і карысным для дзяцей у тым выпадку, калі зацікаўленасць у прапанаваных мерапрыемствах праявяць бацькі з улікам інтарэсаў саміх дзяцей. Павіншавала жыхароў раёна з Днём сям’і, пажадала шчасця, ладу і дабрабыту ў кожны дом.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации