Падзеі
1 min read
1134

Праца – яе стыхія

8 января, 2015
0
У гады яе дзяцінства і маладосці вёска Аляксандравічы была шматнаселеным пунктам. Амаль на кожным з 60 двароў, якія “абляпілі” доўгую вясковую вуліцу працягласцю больш за два кіламетры, чуўся дзіцячы смех: у сем’ях выхоўвалася па трое-чацвёра дзяцей.
Подых часу ўнёс свае сумныя карэктывы: цяпер у Аляксандравічах толькі каля 10 чалавек пераважна ва ўзросце 70-80 гадоў.
Клапоціцца пра сваіх пажылых аднавяскоўцаў, дапамагае ім стараста вёскі Святлана Аляксандраўна Місарэвіч.

Яна самая маладая з жыхароў Аляксандравічаў. Узяла на сябе клопат пра родныя мясціны і іх людзей два гады таму — яшчэ калі працавала паштальёнам. Сёлета за сумленнае стаўленне да сваёй грамадскай дзейнасці жанчына была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Непасрэдна — за актыўны ўдзел у рабоце па ахове парадку і прафілактыцы правапарушэнняў сярод жыхароў сельскага савета. У гэтым накірунку Святлана Аляксандраўна падтрымлівае цесную сувязь са старшынёй сельвыканкама, участковымі інспектарамі міліцыі і дзяржаўнага пажарнага нагляду.

Узнагароджанне адбылося ў Навагрудку, на абласным сходзе ўчастковых інспектараў міліцыі, добраахвотных дружынаў аховы правапарадку і іншых суб’ектаў прафілактыкі. Грамату Святлане Аляксандраўне ўручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Яшчэ калі Святлана Аляксандраўна працавала паштальёнам, разносячы карэспандэнцыю, пенсію, яна звяртала ўвагу на стан пажарнай бяспекі ў жыллі яе аднавяскоўцаў, вяла тлумачальную работу з імі. Робіць гэта яна і цяпер — як стараста вёскі. Па сумяшчальніцтве жанчына яшчэ і рабочая зялёнага будаўніцтва Парэцкага сельвыканкама. У яе абавязках — добраўпарадкаванне населеных пунктаў гэтай адміністрацыйнай тэрыторыі. Праца пачынаецца з вясны, доўжыцца амаль да канца восені. Падкасіць траву на пустуючых падворках, высекчы непатрэбнае кустоўе — усё гэта ўмее рабіць Святлана Аляксандраўна. Дарэчы, косіць траву яна ўручную. Умее калоць дровы.

Па натуры чалавек, які любіць працаваць і не можа без работы, Святлана Аляксандраўна ні хвіліны не сядзіць без справы. І, магчыма, менавіта таму ёй не па душы прыйшлося гарадское жыццё. Пазнаёмілася з ім яшчэ ў маладосці, калі вучылася ў Слонімскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы на прадзільшчыцу, а затым працавала па спецыяльнасці на Слонімскай фабрыцы. Горад не стаў для Святланы Аляксандраўны пастаянным месцам жыхарства, яна вярнулася ў родныя Аляксандравічы. Тут і па грыбы і ягады схадзіць можна, прагуляцца па садзе, паласавацца сакавітымі яблыкамі. Ды і дыхаецца тут па-іншаму, кажа жанчына. А ў горадзе ёй сумна.

У Аляксандравічах раслі дзеці Святланы Аляксандраўны — дачка і сын. З малых гадоў матуля вучыла іх працаваць. Дачка, дарэчы, як і мама, умее касіць траву, калоць дровы.

— Бывала, — гаворыць жанчына, — калі трэба было нарыхтаваць дроваў на зіму, выходзілі сямейным падрадам: я, дачка, сын і мой тата. Паставім чатыры калодачкі і колем. Усё ж такі справа хутчэй ідзе.

Калоць дровы Святлана Аляксандраўна навучылася сама, як і касіць траву. Яшчэ калі былі жывыя бацькі, трымалі вялікую гаспадарку — дзвюх кароваў, каня. Сена нарыхтоўваць даводзілася шмат.

Цяпер Святлана Аляксандраўна жыве разам з братам. Дзеці –у гарадах. Наведваючы іх, жанчына няньчыцца з унучкамі – яна ўжо двойчы бабуля. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі закончыць завіхацца па гаспадарцы, а гэта козы, куры, жанчына садзіцца вязаць — для сваіх любімых Янкі і Арынкі. Магчыма, калі падрастуць, бабуля таксама навучыць іх не цурацца вясковай працы, якая, нягледзячы на цяжкасць, прыносіць задавальненне.

А. ДУБРОЎСКАЯ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации