22 снежня ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян па тлумачэнні нормаў заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў.

Яго правялі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Алена Квартнік, прававы інспектар працы гэтай прафсаюзнай арганізацыі Вольга Юрашэвіч і намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч.

– Тэмай сённяшняй прававой асветы мы выбралі даволі актуальную – “Падмена працоўных адносінаў і яе прававыя наступствы”, – расказала Вольга Юрашэвіч. – Вельмі часта на практыцы наймальнікі заключаюць з работнікамі не працоўныя, а грамадзянска-прававыя дагаворы. Для іх гэта прасцей, выгадней, а вось для работніка – не заўжды так.

У цэлым грамадзянска-прававы і працоўны дагаворы даволі падобныя, аднак ёсць важныя нюансы іх адрознення. Па-першае, мэтай грамадзянска-прававога дагавора (ГПД) з’яўляецца канкрэтны канчатковы вынік, а працоўнага – працоўная дзейнасць сістэмнага характару. Па-другое, узнагароджанне за работу па ГПД з’яўляецца аднаразовым, па працоўным жа яно сістэматычнае, бо заканадаўствам вызначана, што работнік у адзін і той жа час за свае працоўныя функцыі атрымлівае заработную плату. Па-трэцяе, па ГПД работнік сам мае права вызначаць спосаб і час выканання работы і ён не залежыць ад унутранага працоўнага раскладу, як гэта бывае па працоўным дагаворы, калі наймальнік устанаўлівае работнікам месца і час работы.

Чаму наймальнікі аддаюць перавагу грамадзянска-прававым дагаворам? Бо для гэтага не трэба афармляць работніка (выдаваць загад, запаўняць працоўную кніжку), давядзецца толькі зафіксаваць ГПД у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва і ўплачваць за яго абавязковыя страхавыя ўзносы, таму пенсія за работнікам па ГПД захоўваецца. Аднак многія сацыяльныя гарантыі ў нанятых па грамадзянска-прававых дагаворах адсутнічаюць: ім не прадугледжаны сацыяльныя выплаты, прапісаныя ў калектыўным дагаворы, працоўны і сацыяльны водпускі, аплата сутачных камандзіровачных расходаў, аплата звышурочнай і работы ў выхадныя дні, затое застаецца права на аплату па бальнічным лісце. Адпаведна, наймальніку выгадна мець работніка па ГПД, а вось для чалавека такая форма працаўладкавання не вельмі спрыяльная.

Якія могуць быць прававыя наступствы ў такіх выпадках? Калі чалавек даведваецца пра парушэнні сваіх правоў, ён можа звярнуцца да наймальніка, каб ён перавёў грамадска-прававыя адносіны ў працоўныя. Пры адмове працадаўцы, чалавек можа звярнуцца ў суд. Як правіла, доказаў выканання працоўных функцый вельмі шмат. На наймальніка ж за падобнае парушэнне можа быць накладзены штраф.

Удзельнікі прафсаюзнага прыёму таксама закранулі тэму інтэрнэт-махлярстваў і даведаліся пра найбольш частыя схемы падману. Затым яны змаглі задаць прадстаўнікам абласной прафсаюзнай арганізацыі свае пытанні і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.

Аналагічная сустрэча прайшла ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына ў ТАА “Панэкспа”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации