У рады Беларускай федэрацыі прафсаюзаў увайшлі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ТАА “Чатыры сонцы” і ТАА “ВАРДО”.
Пасведчанне аб рэгістрацыі пярвічкі, членскія білеты і прыемныя сувеніры кіраўнікам арганізацый уручылі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Святлана Семянчук, галоўны прававы інспектар працы Станіслаў Жалудок і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.
Прадстаўнікі абласнога прафсаюзнага камітэта мелі магчымасць пазнаёміцца з работай прыватнага сектара эканомікі ў раёне, кіраўнікі арганізацый Андрэй Статкевіч (ТАА “Чатыры сонцы”) і Надзея Кірсанава (ТАА “ВАРДО”) – атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
– Прафсаюз – гэта сябар, дарадца і памочнік у рабоце і адпачынку, абароне правоў грамадзян на аснове працоўнага заканадаўства, – адзначыла Святлана Семянчук. – Кожны член прафсаюза можа звярнуцца да нас па кансультацыю і падтрымку, чым зможам – дапаможам.
Станіслаў Жалудок узгадаў выпадкі з практыкі, калі правы членаў фпрафсаюза даводзілася абараняць нават у судзе, у выніку справядлівасць была ўстаноўлена.
Госці былі ўражаны работай арганізацый і краявідамі Дзятлаўшчыны, паабяцалі прыехаць сюды на экскурсію.
Аляксандр Дубовік адзначыў, што прыватныя прадпрыемствы актыўна далучаюцца да прафсаюзнага руху:
– За 11 месяцаў гэтага года ў раёне створаны 5 пярвічных прафсаюзных арганізацый: дзве пярвічкі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў (ТАА “Тэрмапласттэхналогіі” і ТАА “Завод палімерных тэхналогій”), дзве – спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва (ТАА “Чатыры сонцы” і ТАА “ВАРДО”) і адна – прафсаюза работнікаў спорту і турызму (Дзятлаўскі раённы турысцка-інфармацыйны цэнтр). Агульная колькасць пярвічных прафсаюзных арганізацый у раёне дасягнула 95, у іх уваходзяць каля 7600 членаў прафсаюза.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga