Каб даведацца, як да чытача прыходзіць газета, выхаванцы летніка “Вясёлая планета” Дварэцкай сярэдняй школы наведаліся ў рэдакцыю раённай газеты “Перамога”.
Сустрэча стала для школьнікаў і карыснай, і пазнавальнай. Яны прайшлі па рабочых кабінетах, пазнаёміліся з супрацоўнікамі рэдакцыі, а таксама ўбачылі, як фарміруецца новы нумар выдання. Крок за крокам, ад работы карэспандэнта, напісання тэксту будучага артыкула, яго карэкціроўкі і вёрсткі газетнай паласы да гатовага экзэмпляра газеты – такі шлях адолелі ўдзельнікі экскурсіі.

Цікавасць выклікалі шматлікія ўзнагароды і дасягненні калектыву раёнкі за гады яе існавання, сярод якіх перамога ў Нацыянальным конкурсе СМІ “Залатая Літара”, а таксама тэматычныя конкурсныя альбомы, створаныя супрацоўнікамі.

Пазнаёміліся і з выпускамі выдання былых гадоў, адзначылі, наколькі сёння змяніўся выгляд і змест газеты. Сёлета “Перамозе” споўніцца 81 год, але яна, як і заўсёды, застаецца на перадавой: даносіць да свайго чытача самыя свежыя і актуальныя навіны, з’яўляецца для яго дарадцам, памочнікам і цікавым суразмоўцам.

Ну а нас, тых, хто паўсядзённа працуе над іміджам сваёй газеты, радавалі іх дапытлівасць, цікаўнасць, бадзёры настрой, радасныя ўсмешкі на тварах і проста яшчэ дзіцячая непасрэднасць. На памяць аб сустрэчы засталіся фотаздымкі і, канечне ж, кожнаму – газетны нумар.
Спадзяёмся, што сяброў у нашай раённай газеты пабольшала. Чакаем і вас, бо заўжды рады гасцям.
Таццяна САНЮК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga