Чарговая сустрэча для старшакласнікаў гімназіі № 1 горада Дзятлава ў рамках прафарыентацыйнай акцыі “Дзень з прадпрыемствам” адбылася на ТАА “Ізакам Пласт”.

– Акцыю для школьнікаў ужо не першы год запар праводзіць упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, – расказала начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення Наталля Губар, якая і арганізавала для навучэнцаў гэту сустрэчу. – Выбар прафесіі – адзін з самых важных крокаў, які робіць кожны чалавек. Ад таго, якім ён будзе, залежыць многае. Дзецям складана самастойна вызначыцца з будучай спецыяльнасцю, спрагназаваць, ці будуць запатрабаваны такія работнікі на рынку працы ў далейшым. Няпроста таксама, не акунуўшыся ў працоўную атмасферу, зразумець, ці прынясе жыццёвы выбар задавальненне і фінансавы дабрабыт. Падлеткі мала знаёмыя са светам прафесій, таму наша ўпраўленне прыходзіць ім на дапамогу.

Перад наведваннем вытворчасці гімназісты прайшлі інструктаж аб захаванні тэхнікі бяспекі і толькі тады накіраваліся ў вытворчыя цэхі.

Аб рабоце прадпрыемства хлопчыкам і дзяўчынкам расказаў дырэктар ТАА “Ізакам Пласт” Сяргей Голуб:

– Наш завод вырабляе шырокі асартымент поліэтыленавых трубаў. Прадукцыя экспартуецца пераважна ў Расійскую Федэрацыю. Прадпрыемству патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, аднак хвалявацца не трэба: дадатковае навучанне адбываецца на рабочых месцах. У арганізацыі ёсць прафсаюзная пярвічка. Усяго у ААТ “Ізакам” і “Ізакам Пласт” працуюць больш за 260 чалавек. Работнікі атрымліваюць высокую заработную плату.

Экскурсія па прадпрыемстве і знаёмства з вытворчасцю былі цікавымі для гімназістаў. На развітанне дырэктар запрасіў навучэнцаў пасля атрымання адукацыі далучацца да іх дружнага калектыву. Дзеці падзякавалі за сустрэчу і прапанову.  

Ірына СТЫРНІК

Фота арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование #школа

Похожие публикации