Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. З любоўю да справы, з дабром да людзей

У Год беларускай жанчыны рэдакцыя газеты “Перамога” прадаўжае работу над праектам “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Ён прысвечаны нашым лепшым зямлячкам, якія рэалізавалі сябе ў прафесіі, сямейным жыцці, як лідары, спартсмены, майстрыхі або творчыя асобы. На гэты раз у аб’ектыве – жанчына-прафесіянал, якая аддала любімай справе больш за 50 гадоў жыцця, шчырая, кранальная, з добрым сэрцам, адкрытым для людзей. Гэта загадчыца аптэкі № 62 гарадскога пасёлка Казлоўшчына Ларыса Бялятка.  

1 красавіка яна прымала цёплыя віншаванні з юбілейным днём нараджэння ад загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі № 55 Дзятлаўскага раёна Гродзенскага РУП “Фармацыя” Лідзіі Баравік.

– З цудоўнай датай вас, Ларыса Аляксандраўна, з 70-годдзем, – звярнулася да юбіляркі кіраўнік аптэчнай сеткі раёна. – Поруч з вамі ў прафесіі мы прайшлі доўгі шлях, на якім былі не толькі радасці, але і цяжкасці, аднак я заўжды ўпэўнена ў выніковай рабоце вашай аптэкі, бо вы мудры кіраўнік. Ведаю, як любіце сваіх дзяцей і ўнукаў, пасёлак Казлоўшчыну, людзей. Жыхары таксама да вас цёпла адносяцца і жадаюць як мага даўжэй бачыць на працоўным месцы. Вы цудоўная жанчына, майстар аптэчнай справы, таму былі настаўнікам для многіх маладых спецыялістаў. Да іх адносіцеся заўжды па-мацярынску. Дзякуй вам за аўтарытэт аптэкі, працу і прафесіяналізм. Доўгіх гадоў жыцця, поспехаў і дай вам Бог такой жа цёплай любові ад навакольных, якую самі несяце людзям.

Лідзія Баравік уручыла імянінніцы кветкі і падарункі ад калег.    

Да шчырых пажаданняў далучылася малады спецыяліст фармацэўт-рэцэптар Алеся Пяткевіч, якая цяпер працуе разам з Ларысай Аляксандраўнай і вучыцца ў яе прафесійнаму майстэрству.

Пачынаючым спецыялістам шанцуе, калі ім сустракаецца такі настаўнік. Ларыса Бялятка – прафесіянал аптэчнай справы, “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. За гады працы яна адзначана шматлікімі ўзнагародамі, а аптэка № 62 гарадскога пасёлка Казлоўшчына пад яе кіраўніцтвам неаднаразова прызнавалася лепшай на Гродзеншчыне ў сваёй падгрупе.

Нарадзілася наша зямлячка ў вёсцы Талявічы ў сям’і сялян. Яе бацькі цяжка працавалі ў калгасе, таму марылі даць дзецям адукацыю і прэстыжныя прафесіі. Для дачкі Ларысы, якая была выдатніцай у вучобе, выбралі аптэчную справу, бо вельмі ім падабалася тагачасная работніца аптэкі Алена Пятрушкевіч. Так, у 1974 годзе Ларыса скончыла фармацэўтычнае аддзяленне Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Працоўную дзейнасць пачынала ў гарадскім пасёлку Наваельня. Адтуль праз месяц была пераведзена ў Казлоўшчыну, па сямейных абставінах некаторы час была аптэкарам на Лідчыне, вярнулася і ўжо пяць дзесяцігоддзяў працуе ў аптэцы № 62, з 1982 года з’яўляецца яе загадчыцай.

Паўвекавы працоўны шлях не быў гладкім для Ларысы Аляксандраўны, асабліва складана было ў 90-х гадах, калі ў эканоміцы наспеў крызіс, распаўся Савецкі Саюз. У той час многія гаспадарчыя справы, якія тычыліся работы аптэкі, даводзілася вырашаць самастойна, нярэдка надзейнае плячо падстаўляў муж Аляксандр Яўгеньевіч. Дзякуючы яму, падтрымцы землякоў і калег, удалося дастойна перажыць няпросты перыяд. Не менш хвалюючым быў этап камп’ютарызацыі і ўкаранення лічбавых тэхналогій. Ларыса Аляксандраўна перажывала, што ніколі не асвоіць камп’ютар, аднак справілася і з гэтай няпростай задачай, цяпер не горш за маладых работнікаў “сябруе” з тэхнікай.

Лідзія Баравік расказала, што цэніць юбілярку не толькі як стараннага, паспяховага і прынцыповага кіраўніка, але і як чалавека з адкрытай душой, здольнага суперажываць людзям, падбадзёрваць іх добрым словам, карыснай парадай, неабыякавымі адносінамі.

– За гэту аптэку я заўжды спакойная, тут пануе ідэальны парадак, не бывае скаргаў – толькі падзякі, хаця ўстанова абслугоўвае не толькі мясцовае насельніцтва, але і сацыяльны пансіянат “Колас”, –падкрэслівае Лідзія Баравік.

Падтрымліваюць сувязь з Ларысай Аляксандраўнай і ўдзячны ёй ранейшыя маладыя спецыялісты, якіх яна “ўзрасціла” ў прафесіі, шчодра дорачы веды, любоў, дапамогу.

Ларыса Бялятка знайшла сваё шчасце не толькі ў рабоце, але і ў жыцці. Разам з мужам выгадавалі дваіх дзяцей. Сёння Ларыса Бялятка яшчэ і шчаслівая бабуля пяці ўнукаў, двое з якіх выбралі блізкую да бабулінай справы медыцынскую прафесію. Нядаўна ўнучка Кацярына Бялятка, якая працуе доктарам-гінеколагам у трэцяй гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску, парадавала перамогай у прафесійным конкурсе і званнем “Лепшы малады спецыяліст”.  Ларыса Аляксандраўна чалавек энергічны і працавіты, яна не ўмее сядзець без работы: дома вырошчвае кветкі, даглядае агарод, упрыгожвае ўчастак, любіць сустракацца з блізкімі і сябрамі. У яе вялікім сэрцы ёсць месца для кожнага, хто прыходзіць з дабром, нездарма і моладзь яна вучыць галоўнаму – шанаваць і паважаць людзей.       

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

administrator

Recent Posts

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

5 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

5 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

6 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

6 часов ago

8 мая — Международный день Красного Креста и Красного Полумесяца

Этот важный день служит напоминанием о необходимости сохранения и укрепления ценностей гуманности, сострадания и безвозмездной…

6 часов ago

Нам даверана памяць. Не згасне слава тых, хто набліжаў Перамогу

У межах акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” на Дзятлаўшчыне прайшлі мітынгі, прысвечаныя 81-й гадавіне Перамогі…

8 часов ago