Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Святлана Цілігузава: “Хачу, каб школы на сяле працавалі”

З нагоды надыходзячага Дня жанчын у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбудзецца форум “Жанчына і будучыня вёскі”, на які запрошаны 118 прадстаўніц з усіх раёнаў Беларусі. Дзятлаўшчыну на ім прадставіць дырэктар Хвінявіцкай сярэдняй школы Святлана Цілігузава, якая ўжо тры гады працуе на гэтай адказнай пасадзе.

Будучая паездка стала добрай нагодай сустрэцца ў сценах навучальнай установы, каб паразмаўляць аб жыццёвым выбары, рабоце і перспектывах сельскіх школ.

Дарога, якая вядзе дадому

– Гэта мой край, і я рада, што маё жыццё, кар’ера, памкненні  і поспехі звязаны з гэтым месцам, – з галоўнага пачынае аповед пра сябе Святлана Вячаславаўна.

Яна ўспамінае сваё дзяцінства, як ішла ў першы клас з вялікім букетам астраў і марай ведаць усё на свеце. Школьная пара была вясёлай, дружнай, са стараннай вучобай і актыўнай працай. Самымі яскравымі ўспамінамі дагэтуль застаюцца сумесныя вучнёўскія праекты, удзел у цімураўскім атрадзе, працоўным дэсанце на бульбяных палетках, дзе дапамагалі мясцоваму сельгаспрадпрыемству, цяпліцы, якія на прышкольнай тэрыторыі разам садзілі і даглядалі.

– Гэтае пачуццё адзінства, згуртаванасці і дружбы ў вырашэнні надзённых спраў з таго часу дагэтуль у асаблівым месцы майго сэрца. Нават сёння, з’яўляючыся кіраўніком навучальнай установы, я стараюся прывіць гэты дух сучасным навучэнцам.  

З удзячнасцю жанчына ўзгадвае сваіх класных кіраўнікоў Таццяну Ільінічну Камінскую, Марыю Антонаўну Даўгач, гледзячы на якіх, яна таксама захацела абавязкова звязаць сваё жыццё з педагогікай. Не адкладваючы надоўга, пасля дзявятага класа школы яна падала дакументы ў Лідскае педагагічнае вучылішча, якое паспяхова скончыла і прыехала па размеркаванні працаваць настаўнікам пачатковых класаў у Горкаўскую базавую школу.

– Тады я ўпэўнілася ў сваім меркаванні, што прафесіі, важнейшай, чым настаўнік, у свеце няма, і я магу ў ёй шмат дасягнуць, – падзялілася Святлана Цілігузава.

Яна вырашыла не спыняцца на дасягнутым і атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “настаўнік гісторыі і грамадазнаўства” ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, з дыпломам выпускніцы вярнулася працаваць у родную Хвінявіцкую школу.  Доўгі час была настаўніцай пачатковых класаў, сацыяльным педагогам, выкладала гісторыю, вяла класнае кіраўніцтва.

– Калі вярталася ў родную школу ў якасці педагога, перажывала і адчувала павышаную адказнасць: мне выпала працаваць з настаўнікамі, якія вучылі мяне. Рада, што ўсе хваляванні аказаліся дарэмнымі: я атрымала метадычную, таварыскую і псіхалагічную дапамогу. Атмасфера ў калектыве натхняла на новыя дасягненні, і я ахвотна пагадзілася стаць кіраўніком прафсаюзнай пярвічкі, актыўна выконвала грамадскую нагрузку, – дадала яна. 

Лёс склаўся так, што тут, на малой радзіме, Святлана Цілігузава знайшла ўсе дэталі свайго жыццёвага пазла: сямейнае шчасце з мясцовым хлопцам, любімую работу ў роднай школе і, нарэшце, кар’ерны рост.

Адзін у полі не воін

Маладога прафсаюзнага лідара заўважылі і высока ацанілі не толькі ў школьным калектыве, але і на раённым узроўні. Ёй прапанавалі распачаць новы 2022-2023 навучальны год у якасці дырэктара Хвінявіцкай школы, і Святлана Вячаславаўна пагадзілася.

– Асабліва прыемна было тое, што маю кандыдатуру прапанаваў педагагічны калектыў нашай навучальнай установы, адзінагалосна выказаўшыся “так”. Ужо тады я зразумела, што з такой камандай мы справімся з любымі задачамі.

Тры гады пры падтрымцы сваіх верных паплечнікаў, намеснікаў кіраўніка, Святлана Вячаславаўна ўпэўнена вядзе Хвінявіцкую сярэднюю школу да ведаў, дасягненняў і поспехаў, кожны дзень вырашае бягучыя задачы. Яна, як ніхто іншы, разумее ўсё хараство і складанасць паняцця “сельская школа”.

Па-за межамі горада і буйных пасёлкаў зусім іншы настрой і рытм жыцця, гэта адлюстроўваецца  і на сістэме адукацыі. Тут невялікія класы – уся навучальная ўстанова налічвае 56 навучэнцаў, да якіх дадаюцца 19 выхаванцаў дзіцячага сада. Яны атрымліваюць якасную адукацыю на малой радзіме, ходзяць у школу побач з домам, для гэтага працуе ўкамплектаваны на 100 % педагагічны калектыў.

– У 2023-2025 гадах наша школа нязменна з’яўляецца прызёрам па развіцці сістэмы адукацыі, сёлета таксама маем дыплом 2-й ступені, нашы дзеці заўсёды сярод лепшых у спартакіядзе навучэнцаў. Спадзяёмся ў будучым павысіць другое месца і стаць лідарамі ў сваёй падгрупе. За якасную падрыхтоўку ўстановы адукацыі да 2024-2025 навучальнага года мы ўдастоены дыплома 1-й ступені, – расказвае кіраўнік. – Стараемся пры іншых роўных умовах ні ў чым не саступаць гарадскім школьнікам, нашы юныя “зорачкі” могуць аднолькава таленавіта выступаць у літаратурных, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Хачу падзякаваць ім за ініцыятыўнасць і стараннасць.

Нагодай для гонару дырэктар школы лічыць таксама прысутнасць у калектыве настаўнікаў адразу пяці маладых спецыялістаў, пераважная большасць з якіх выказвае жаданне застацца тут пасля тэрміну адпрацоўкі. Галоўнай прычынай яны называюць камандны дух і добразычлівасць калег, дастойную аплату працы і камфортныя яе ўмовы.

Школа – дом, дзе ўтульна ўсім

А каб не быць галаслоўнай, Святлана Вячаславаўна праводзіць невялікую экскурсію па школе, якая за апошнія некалькі гадоў цалкам пераўвасобілася: светлыя кабінеты з сучасным рамонтам, прасторныя калідоры, дзе ўжо даўно не цюль і пафарбаваная падлога, а жалюзі і модны ламінат. Новая мэбля, прыемныя воку, цікавыя для дзяцей дыдактычныя матэрыялы і ўтульныя зоны адпачынку, нават поручні ў лесвіцы сталі практычныя і прыгожыя.

– Усё гэта было б немагчымым без падтрымкі, – расказвае дырэктар. – У 2023 годзе былі выдзелены значныя фінансавыя сродкі з раённага бюджэту на правядзенне рамонту. Шмат у чым дапамаглі спонсары – КСУП “Хвінявічы” і ТАА “Ізакам”, якія рэгулярна падтрымліваюць нас, дапамагаюць у набыцці абсталявання і аргтэхнікі.

Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы дазволіла ў мінулым годзе перавесці ў будынак школы і дзіцячы садок. Так аптымізавалася размяшчэнне, харчаванне і арганізацыя навучальнага працэсу, а ў малечы з’явіліся свае “шэфы”. Цяпер многія школьныя мерапрыемствы праводзім разам.

Напрыканцы нашай размовы я папрасіла Святлану Вячаславаўну адказаць на некалькі пытанняў.

– Што самае складанае для жанчыны-кіраўніка?

– Калі толькі пачынала на гэтай пасадзе, было страшна не справіцца з адказнасцю. З часам зразумела, што быць добрым кіраўніком – гэта значыць тонка адчуваць, дзе патрэбна праявіць строгасць, дзе – чуласць, а дзе – пайсці на кампраміс. Вучні і калегі навучылі мяне дыпламатыі.

– Ці лічыце сябе шчаслівай?

– Безумоўна, так. Я знайшла сябе ў гэтым жыцці найлепшым чынам: жыву, працую на малой радзіме, побач – любімая сям’я. Сваю любоў да педагогікі я змагла перадаць малодшай дачцэ, спадзяюся, яна таксама выбера гэту няпростую, але надзвычай цікавую і высакародную прафесію. І, нарэшце, адчуваю неверагоднае шчасце ад таго, што мая школьная гісторыя прадаўжаецца ў наступных пакаленнях землякоў: многія сённяшнія навучэнцы школы – дзеці маіх аднакласнікаў, сяброў, і гэта вельмі прыемна.

– Якое ваша самае вялікае жаданне?

– Хачу, каб школы ў сельскай мясцовасці працавалі. Каб сюды прыязджалі маладыя спецыялісты, стваралі сем’і, нараджалі дзетак. Родным Хвінявічам, нашай школе жадаю поспехаў і росквіту.

Наталля АВЯРЧУК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

administrator

Recent Posts

«Зецельскі фэст» ў Дзятлаве.  Шэсце па цэнтральнай вуліцы

Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем  пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…

31 минута ago

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

6 часов ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

21 час ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

21 час ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

22 часа ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

22 часа ago