З нагоды надыходзячага Дня жанчын у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбудзецца форум “Жанчына і будучыня вёскі”, на які запрошаны 118 прадстаўніц з усіх раёнаў Беларусі. Дзятлаўшчыну на ім прадставіць дырэктар Хвінявіцкай сярэдняй школы Святлана Цілігузава, якая ўжо тры гады працуе на гэтай адказнай пасадзе.
Будучая паездка стала добрай нагодай сустрэцца ў сценах навучальнай установы, каб паразмаўляць аб жыццёвым выбары, рабоце і перспектывах сельскіх школ.

Дарога, якая вядзе дадому
– Гэта мой край, і я рада, што маё жыццё, кар’ера, памкненні і поспехі звязаны з гэтым месцам, – з галоўнага пачынае аповед пра сябе Святлана Вячаславаўна.
Яна ўспамінае сваё дзяцінства, як ішла ў першы клас з вялікім букетам астраў і марай ведаць усё на свеце. Школьная пара была вясёлай, дружнай, са стараннай вучобай і актыўнай працай. Самымі яскравымі ўспамінамі дагэтуль застаюцца сумесныя вучнёўскія праекты, удзел у цімураўскім атрадзе, працоўным дэсанце на бульбяных палетках, дзе дапамагалі мясцоваму сельгаспрадпрыемству, цяпліцы, якія на прышкольнай тэрыторыі разам садзілі і даглядалі.
– Гэтае пачуццё адзінства, згуртаванасці і дружбы ў вырашэнні надзённых спраў з таго часу дагэтуль у асаблівым месцы майго сэрца. Нават сёння, з’яўляючыся кіраўніком навучальнай установы, я стараюся прывіць гэты дух сучасным навучэнцам.
З удзячнасцю жанчына ўзгадвае сваіх класных кіраўнікоў Таццяну Ільінічну Камінскую, Марыю Антонаўну Даўгач, гледзячы на якіх, яна таксама захацела абавязкова звязаць сваё жыццё з педагогікай. Не адкладваючы надоўга, пасля дзявятага класа школы яна падала дакументы ў Лідскае педагагічнае вучылішча, якое паспяхова скончыла і прыехала па размеркаванні працаваць настаўнікам пачатковых класаў у Горкаўскую базавую школу.
– Тады я ўпэўнілася ў сваім меркаванні, што прафесіі, важнейшай, чым настаўнік, у свеце няма, і я магу ў ёй шмат дасягнуць, – падзялілася Святлана Цілігузава.
Яна вырашыла не спыняцца на дасягнутым і атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “настаўнік гісторыі і грамадазнаўства” ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, з дыпломам выпускніцы вярнулася працаваць у родную Хвінявіцкую школу. Доўгі час была настаўніцай пачатковых класаў, сацыяльным педагогам, выкладала гісторыю, вяла класнае кіраўніцтва.
– Калі вярталася ў родную школу ў якасці педагога, перажывала і адчувала павышаную адказнасць: мне выпала працаваць з настаўнікамі, якія вучылі мяне. Рада, што ўсе хваляванні аказаліся дарэмнымі: я атрымала метадычную, таварыскую і псіхалагічную дапамогу. Атмасфера ў калектыве натхняла на новыя дасягненні, і я ахвотна пагадзілася стаць кіраўніком прафсаюзнай пярвічкі, актыўна выконвала грамадскую нагрузку, – дадала яна.
Лёс склаўся так, што тут, на малой радзіме, Святлана Цілігузава знайшла ўсе дэталі свайго жыццёвага пазла: сямейнае шчасце з мясцовым хлопцам, любімую работу ў роднай школе і, нарэшце, кар’ерны рост.
Адзін у полі не воін
Маладога прафсаюзнага лідара заўважылі і высока ацанілі не толькі ў школьным калектыве, але і на раённым узроўні. Ёй прапанавалі распачаць новы 2022-2023 навучальны год у якасці дырэктара Хвінявіцкай школы, і Святлана Вячаславаўна пагадзілася.

– Асабліва прыемна было тое, што маю кандыдатуру прапанаваў педагагічны калектыў нашай навучальнай установы, адзінагалосна выказаўшыся “так”. Ужо тады я зразумела, што з такой камандай мы справімся з любымі задачамі.
Тры гады пры падтрымцы сваіх верных паплечнікаў, намеснікаў кіраўніка, Святлана Вячаславаўна ўпэўнена вядзе Хвінявіцкую сярэднюю школу да ведаў, дасягненняў і поспехаў, кожны дзень вырашае бягучыя задачы. Яна, як ніхто іншы, разумее ўсё хараство і складанасць паняцця “сельская школа”.
Па-за межамі горада і буйных пасёлкаў зусім іншы настрой і рытм жыцця, гэта адлюстроўваецца і на сістэме адукацыі. Тут невялікія класы – уся навучальная ўстанова налічвае 56 навучэнцаў, да якіх дадаюцца 19 выхаванцаў дзіцячага сада. Яны атрымліваюць якасную адукацыю на малой радзіме, ходзяць у школу побач з домам, для гэтага працуе ўкамплектаваны на 100 % педагагічны калектыў.
– У 2023-2025 гадах наша школа нязменна з’яўляецца прызёрам па развіцці сістэмы адукацыі, сёлета таксама маем дыплом 2-й ступені, нашы дзеці заўсёды сярод лепшых у спартакіядзе навучэнцаў. Спадзяёмся ў будучым павысіць другое месца і стаць лідарамі ў сваёй падгрупе. За якасную падрыхтоўку ўстановы адукацыі да 2024-2025 навучальнага года мы ўдастоены дыплома 1-й ступені, – расказвае кіраўнік. – Стараемся пры іншых роўных умовах ні ў чым не саступаць гарадскім школьнікам, нашы юныя “зорачкі” могуць аднолькава таленавіта выступаць у літаратурных, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Хачу падзякаваць ім за ініцыятыўнасць і стараннасць.
Нагодай для гонару дырэктар школы лічыць таксама прысутнасць у калектыве настаўнікаў адразу пяці маладых спецыялістаў, пераважная большасць з якіх выказвае жаданне застацца тут пасля тэрміну адпрацоўкі. Галоўнай прычынай яны называюць камандны дух і добразычлівасць калег, дастойную аплату працы і камфортныя яе ўмовы.
Школа – дом, дзе ўтульна ўсім
А каб не быць галаслоўнай, Святлана Вячаславаўна праводзіць невялікую экскурсію па школе, якая за апошнія некалькі гадоў цалкам пераўвасобілася: светлыя кабінеты з сучасным рамонтам, прасторныя калідоры, дзе ўжо даўно не цюль і пафарбаваная падлога, а жалюзі і модны ламінат. Новая мэбля, прыемныя воку, цікавыя для дзяцей дыдактычныя матэрыялы і ўтульныя зоны адпачынку, нават поручні ў лесвіцы сталі практычныя і прыгожыя.
– Усё гэта было б немагчымым без падтрымкі, – расказвае дырэктар. – У 2023 годзе былі выдзелены значныя фінансавыя сродкі з раённага бюджэту на правядзенне рамонту. Шмат у чым дапамаглі спонсары – КСУП “Хвінявічы” і ТАА “Ізакам”, якія рэгулярна падтрымліваюць нас, дапамагаюць у набыцці абсталявання і аргтэхнікі.

Абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы дазволіла ў мінулым годзе перавесці ў будынак школы і дзіцячы садок. Так аптымізавалася размяшчэнне, харчаванне і арганізацыя навучальнага працэсу, а ў малечы з’явіліся свае “шэфы”. Цяпер многія школьныя мерапрыемствы праводзім разам.
Напрыканцы нашай размовы я папрасіла Святлану Вячаславаўну адказаць на некалькі пытанняў.
– Што самае складанае для жанчыны-кіраўніка?
– Калі толькі пачынала на гэтай пасадзе, было страшна не справіцца з адказнасцю. З часам зразумела, што быць добрым кіраўніком – гэта значыць тонка адчуваць, дзе патрэбна праявіць строгасць, дзе – чуласць, а дзе – пайсці на кампраміс. Вучні і калегі навучылі мяне дыпламатыі.
– Ці лічыце сябе шчаслівай?
– Безумоўна, так. Я знайшла сябе ў гэтым жыцці найлепшым чынам: жыву, працую на малой радзіме, побач – любімая сям’я. Сваю любоў да педагогікі я змагла перадаць малодшай дачцэ, спадзяюся, яна таксама выбера гэту няпростую, але надзвычай цікавую і высакародную прафесію. І, нарэшце, адчуваю неверагоднае шчасце ад таго, што мая школьная гісторыя прадаўжаецца ў наступных пакаленнях землякоў: многія сённяшнія навучэнцы школы – дзеці маіх аднакласнікаў, сяброў, і гэта вельмі прыемна.
– Якое ваша самае вялікае жаданне?
– Хачу, каб школы ў сельскай мясцовасці працавалі. Каб сюды прыязджалі маладыя спецыялісты, стваралі сем’і, нараджалі дзетак. Родным Хвінявічам, нашай школе жадаю поспехаў і росквіту.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины