1 ліпеня дзевяностагадовы юбілей адзначае наша працавітая зямлячка, прыемная, разумная, дастойная жанчына з гарадскога пасёлка Казлоўшчына Ядзвіга Шулейка. Сорак гадоў жыцця яна прысвяціла рабоце ў мясцовай гаспадарцы – тады паспяховым, вядомым далёка за межамі раёна калгасе “Слава працы”, які першым у БССР перайшоў з працадзён на грашовую аплату работнікам. За высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі Ядзвіга Уладзіславаўна была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, атрымала і іншыя ўзнагароды.

Павіншаваць паважаную імянінніцу з кветкамі і падарункамі ў гэты дзень прыехалі кіраўнік спраў Казлоўшчынскага сельвыканкама Алена Ільюхіна, старшы інспектар сельвыканкама Анастасія Браніцкая, старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Суравец, сакратар ветэранскай арганізацыі Ядзвіга Гушча, творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Госці зычылі юбілярцы моцнага здароўя на доўгія гады, спрыяльнага надвор’я ў доме, цяпла і клопату ад блізкіх людзей.

– Узрост жанчыны не называюць, кажуць, што кожнай столькі гадоў, на колькі яна выглядае, а вы – прыгожая і цудоўная, такой заставайцеся надалей, – пажадала Алена Ільюхіна.

Генадзь Суравец зазначыў, што дзень нараджэння Ядзвігі Уладзіславаўны нездарма выдаўся такім сонечным і цёплым – сама прырода радуецца з нагоды юбілею добрага чалавека. Старшыня раённага савета ветэранаў ад імя мудрых землякоў пажадаў імянінніцы дажыць да стогадовага юбілею ў бадзёрасці духу, з добрым настроем, заўжды заставацца поўнай сіл і энергіі, яшчэ доўга радаваць блізкіх.

Яркую музычную паштоўку з самымі шчырымі пажаданнямі і хітамі мінулых гадоў прыпаднеслі юбілярцы артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Іван Кашко, Ірына Бакшук, Святлана Венская.

Госці пацікавіліся, якім было жыццё і што дапамагала крочыць наперад, не скараючыся цяжкасцям.
Як аказалася, з юных гадоў юбілярка атрымала сапраўдную загартоўку характару. Нарадзілася Яздвіга Уладзіславаўна недалёка ад гарпасёлка Казлоўшчына, у вёсцы Маськаўцы, у шматдзетнай сям’і. Пасля Вялікай Айчыннай вайны матулі давялося адной ставіць на ногі шасцярых дзяцей, таму Ядзя расла працавітай і самастойнай.
На жыццёвым шляху дзяўчына сустрэла добрага чалавека, свайго будучага мужа Вітольда Баляслававіча, які гадаваўся ў такіх жа ўмовах і толькі стараннямі і працай дабіваўся дабротаў жыцця. Разам у складаны пасляваенны перыяд пабудавалі ўласны дом у Казлоўшчыне, пасадзілі вакол яго сад, гаспадыня разбіла прыгожы кветнік. Па сённяшні дзень дрэвы і кветкі радуюць вока гасцей і прахожых.

Жыццё сям’і простым не назавеш, бо праходзіла яно ў рабоце, паўсядзённых справах і клопатах. Ядзвіга Уладзіславаўна працавала ў калгасе спачатку ў жывёлагадоўлі заатэхнікам, потым у бухгалтэрыі. Муж выкладаў у мясцовым прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Дома чакала “другая вахта”, бо трымалі гаспадарку, садзілі соткі, агарод.
Разам выгадавалі двух цудоўных дзяцей: дачка працуе інжынерам-педагогам у Лідзе, сын – у Мінску ва Урадзе Рэспублікі Беларусь.
– У мяне выраслі дзеці, за якіх я ніколі не чырванела, нам не рабілі заўвагаў – толькі ставілі іншым у прыклад, – дзеліцца Ядзвіга Шулейка.

На пытанне аб сакрэтах выхавання яна адказвае проста:
– Так прывучылі змалку: дома заўжды была дысцыпліна, малодшыя паважалі старэйшых, ніхто на дзяцей не крычаў – усё яны разумелі з першых словаў.
Прыемнай часткай жыцця і сапраўднай аддушынай для Ядзвігі Уладзіславаўны быў калгасны ансамбль “Рэчанька”, якому прысвяціла чвэрць стагоддзя. Выступленні артыстаў ладзіліся не толькі ў раёне, але ў тагачаснай сталіцы Савецкага Саюза горадзе Маскве, іншых рэгіёнах, нават Польшчы.
Сёння юбілярка ўпэўнена, што дажыць да шаноўнага ўзросту ёй дапамаглі самаадданая праца, адказнасць за даручаную справу, песня і сямейнае цяпло.
Ядзвіга Уладзіславаўна падзякавала гасцям за ўвагу, віншаванні, шчырыя словы, пажадала ім здароўя, шчасця і доўгіх гадоў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины