Ці ведалі вы, што для паступлення на медыцынскія і некаторыя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці выпускнікі школ здаюць аднолькавы набор цэнтралізаваных экзаменаў? Такая жыццёвая акалічнасць, а яшчэ жаданне паспрабаваць сябе ў цікавай прафесіі аднойчы вырашыла лёс Кацярыны Лашкоўскай – агранома па абароне раслін ААТ “Граніт-Агра”.
Яна – ураджэнка аграгарадка Войневічы нашага раёна, аднак сям’я неўзабаве пераехала ў Слонім.
– Мама марыла, каб я была доктарам, таму на выпускных іспытах у школе я здавала хімію і біялогію. Шчыра, мне вельмі хацелася ісці ў медыцыну, але я разважала, што выбар трэба рабіць, а работа цікавая і шаноўная. Аднак аднойчы пераступіўшы парог медыцынскага ўніверсітэта ў час уступнай кампаніі, я адчула, што гэта не маё.

Калі падалі дакументы, стала зразумела, што шанц паступіць 50/50. І калі нехта з абітурыентаў забіраў дакументы, каб паспрабаваць падаць іх у сельскагаспадарчую ВНУ, Кацярына вырашыла зрабіць тое самае. І атрымала ў выніку прафесію на ўсё жыццё. Да канца не разумела, што за новая спецыялізацыя “абарона раслін”, але смела пайшла на яе вучыцца, і не пашкадавала аб гэтым ні аднаго дня ў жыцці.
– Ужо на чацвёртым курсе я праходзіла вытворчую практыку і збіралася неўзабаве размяркоўвацца па спецыяльнасці. У Слонімскім раёне жыллё не прадастаўлялі, таму звярнула свой погляд на малую радзіму, адшукала на Дзятлаўшчыне адно з самых моцных сельгаспрадпрыемстваў раёна – ААТ “Граніт-Агра” і падала заяўку. Практыка прайшла добра, а на мяне напісалі імянны запыт на размеркаванне.
– Што прывабіла, каб застацца ў гэтай гаспадарцы?
– Найперш, сама работа і магчымасць рэалізавацца ў ёй. Немалаважнымі былі ўмовы для маладых спецыялістаў і калектыў, разнастайны, але дружны і працавіты, захацелася стаць яго часткай.
Атрымаўшы тэарэтычную базу ва ўніверсітэце, давялося адаптаваць яе пад рэаліі працы на сяле, дзе далёка не ўсё так, як у падручніку. Аднак заўсёды выратоўвала тое, што побач былі старэйшыя, больш вопытныя калегі, а падначаленыя механізатары, якія працавалі на ўнясенні хімікатаў, угнаенняў, падвозе вады, шчыра гарэлі свай справай і стараліся працаваць адказна.

З дабром і ўдзячнасцю Кацярына Андрэеўна ўзгадвае колішняга галоўнага агранома гаспадаркі Антона Тарасевіча, які многаму навучыў сваю падапечную, перадаў вопыт і нават ускосна дапамог знайсці сваё сямейнае шчасце.
– З будучым мужам пазнаёміліся таксама на працы, хоць ён і не работнік сельскай гаспадаркі, але працаваў вадзіцелем у Антона Аляксандравіча, на яго аўтамабілі я часта выязджала на работу ў поле.
Кацярына Лашкоўская адзначае, што ні на хвіліну не пашкадавала, што стала не медыкам, а аграрыем. Яна шчыра любіць тое, чым займаецца:
– З першага дня сваёй практыкі і да гэтага часу я працую з хіміяй, хоць у школе не вельмі любіла гэты прадмет. Усё прыходзіць з вопытам. Ведаю, як, калі і чым лячыць, абараняць ад пустазелля або падмацоўваць сілы, каб ураджай сельгаскультур парадаваў. Разам з галоўным аграномам распрацоўваем сістэму ўнясення ўгнаенняў і ядахімікатаў. Заўсёды зыходзім з эканамічнага становішча і мэтазгоднасці прымянення дабавак, улічваем трываласць і рэнтабельнасць кожнай культуры.

Надзейныя памочнікі ў рабоце – брыгадзіры і памочнікі брыгадзіраў, якія строга выконваюць рэкамендацыі агранома па ўнясенні ўгнаенняў. Работа з хіміяй ставіць свае абмежаваныя тэрміны і патрабуе асабістага ўдзелу спецыяліста, абавязковага выезду ў поле.
Кацярына Лашкоўская была пастаянным удзельнікам жніва-2026: як старшыня прафсаюзнай арганізацыі яна віншавала перадавікоў з новымі тысячнымі рубяжамі і ўручала ўзнагароды ад прафсаюза.
– Сёлета ад прафкама мы ўзнагароджвалі не толькі лідараў, але кожнага хлебароба арганізацыі, такім чынам падзякавалі за іх працу, – адзначыла Кацярына Андрэеўна.
Да таго, каб узначаліць прафсаюз сваёй арганізацыі, яе прывяло само жыццё.
– Мая сяброўка і калега Людміла Адамчык узначальвала прафсаюзны камітэт ААТ “Граніт-Агра”, а я, чым магла, дапамагала ёй у грамадскіх справах, пазней заняла пасаду намесніка, але ніколі не бачыла сябе ў ролі кіраўніка. Гэта грамадская нагрузка, нявызваленая пасада, якая патрабуе нямала сіл, часу і намаганняў. І калі мая знаёмая адышла ад прафсаюзных спраў, гэту пасаду прапанавалі мне. Адразу я не пагадзілася, але пасля… Як бачыце, я тут, – усміхаецца Кацярына Андрэеўна.

Што найбольш складана даецца ў рабоце?
– Сумяшчаць прафесію з роляй мамы і жонкі. Работа ў сельскай гаспадарцы не мае межаў, не заканчваецца а 17-й гадзіне, як у офісе. Каб атрымаць вынік, часам трэба і ўвечары папрацаваць, і ў выхадны выйсці на дзяжурства. У мяне двое дзяцей, і часам горка, што я не дадаю ім увагі столькі, колькі трэба. Калі я на працы, асноўны клопат па іх выхаванні кладзецца на мужа, дзякуй яму за любоў, разуменне і падтрымку. Дапамагаюць цудоўныя спагадлівыя бабулі і дзядулі.
– Аб чым марыце, у чым, па-вашаму, жаночае шчасце?
– У простых рэчах, у сям’і, магчымасці быць побач з любімымі людзьмі. Цяпер прадаўжаецца будаўніцтва нашага сямейнага дома, дзе нам усім будзе ўтульна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#годбелорусскойженщины нашелучшее #нашалепшае