Напярэдадні Дня настаўніка выдалася цудоўная нагода расказаць аб значных поспехах педагогаў Дзятлаўскага раёна. Нядаўна ў Міністэрстве адукацыі ўзнагародзілі лаўрэатаў і дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу сістэм самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі. Ён сёлета прайшоў упершыню і быў скіраваны на выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту, стымуляванне ўстановаў да ўкаранення сучасных сістэм самаацэнкі.

З 49 удзельнікаў на другім этапе спаборнічалі 17. Члены журы ў вочна-завочным фармаце ацанілі прадстаўленыя матэрыялы. Сярод рэспубліканскіх дыпламантаў вызначаны праект нашай зямлячкі – намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Алены Грэсь.

Алена Мікалаеўна расказала, як удалося дасягнуць высокіх вынікаў:

– Ва ўмовах сучаснай трансфармацыі кіравання сістэмай адукацыі Беларусі ключавым інструментам развіцця школы становіцца самакантроль за забеспячэннем якасці адукацыі. Сутнасць яго эфектыўнасці, рэгламентаванай Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, заключаецца ў развіцці ўнутранай культуры якасці, даверу і ўсвядомленага кіравання вынікамі на ўзроўні самой школы.

Высокая ацэнка нашай сістэмы самакантролю на конкурсе пацвердзіла ўкараненне ў школе дыягнастычнага інструментарыя, які забяспечыў высокія якасныя вынікі і кіраванне адукацыйным працэсам. Мы не чакаем, пакуль узнікнуць цяжкасці, мы іх прадбачым, папярэджваем і тым самым ствараем умовы для стабільнага развіцця кожнага навучэнца.

Ключавы элемент сістэмы – працэдура самакантролю, пабудаваная на прынцыпах даверу і стымулявання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Значным фактарам эфектыўнасці стала інтэграцыя навучання і выхаваўчай работы: якасць адукацыі ацэньваецца ў непарыўным адзінстве з эфектыўнасцю выхаваўчай дзейнасці, ахопліваючы ўзровень грамадзянскай даросласці навучэнцаў, бяспеку жыццядзейнасці і якасць узаемадзеяння з бацькамі. Такі цэласны падыход забяспечвае не толькі станоўчыя вынікі, але і фарміраванне сацыяльнай адказнасці асобы.

– Чым запомнілася цырымонія ўзнагароджання?

– Урачыстай атмасферай і пазітыўнымі ўражаннямі. Нашу школу разам са мной прадстаўлялі дырэктар Іван Кібінь і настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка. Прыемна было знаходзіцца сярод паспяховых педагогаў краіны і атрымаць узнагароду ад намесніка міністра адукацыі Аляксандра Калдубая.

– Плануеце ў далейшым удасканальваць праект?

– Безумоўна. Сістэма самакантролю – жывы арганізм, які не можа заставацца статычным. Той факт, што наша работа атрымала прызнанне на конкурсе – гэта не фінал, а адпраўная кропка для новага этапу развіцця. Яго галоўны вектар – зрабіць самакантроль максімальна непрыкметным тэхнічна, але глыбокім па сваёй сутнасці. Мы імкнёмся да таго, каб унутраная культура якасці стала звычкай кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.

– Якія важныя высновы зрабілі ў час конкурсу?

– Ён быў для нас не проста спаборніцтвам, а глыбокім экспертным люстэркам. Важная выснова: правільна настроены самакантроль – гэта галоўны рэсурс развіцця школы. Мы рухаемся ў патрэбным кірунку, і гэты поспех – заслуга нашай зладжанай каманды, кожнага члена педагагічнага калектыву. Конкурс па самакантролі стаў не проста праверкай прафесійных ведаў і ўменняў, а сапраўдным пацвярджэннем таго, што якасць адукацыі пачынаецца з сумленнага погляду на сябе. Мы ўбачылі, што самакантроль – гэта не фармальнасць, а ўнутраная культура, якая фарміруецца гадамі і трымаецца на прафесіяналізме кожнага. Галоўнае, што хочацца адзначыць: за прадстаўленымі матэрыяламі стаіць педагагічная каманда – людзі, якія ўмеюць працаваць разам, чуць адзін аднаго і не баяцца прызнаваць кропкі росту. Менавіта такая каманда здольна забяспечваць стабільную якасць і апераджальнае кіраванне адукацыйным працэсам. Упэўнена, што гэты конкурс стане для нас прыступкай да новых вяршыняў.   

– Чаго пажадаеце сваім калегам? 

– Напярэдадні прафесійнага свята жадаю сваім калегам і ўсім работнікам сферы адукацыі раёна творчых знаходак, упэўненасці ў выбраных рашэннях і радасці ад таго, што мы робім. Няхай самакантроль заўжды будзе не абавязкам, а патрэбай, а педагагічная каманда – апорай на гэтым шляху.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации