У рамках дзейнасці грамадска-палітычнага цэнтра раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” пад кіраўніцтвам старшыні аддзялення, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыні Парэцкага сельвыканкама Аляксандра Ядэйкі на базе Хвінявіцкай сярэдняй школы адбылася дыялогавая пляцоўка “Спадчына: культурны код”.


Напярэдадні Дня настаўніка месца для яе было выбрана невыпадкова: нядаўна ўстанова адсвяткавала свой 50-гадовы юбілей і за гэты час набыла багатую культурную спадчыну. У час дыялога педагогі і навучэнцы акунуліся ў гісторыю роднай установы, узгадалі дырэктараў і настаўнікаў, якія стаялі ля вытокаў традыцый школьнага жыцця і далі пуцёўку ў будучыню многім пакаленням мясцовых вучняў.


Першая ўрачыстая лінейка адбылася тут у Дзень ведаў у далёкім 1975 годзе. Больш яскрава раскрыць атмасферу таго часу дапамагла бібліятэкар Хвінявіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі-клуба Алена Апанасік. У Год беларускай жанчыны яна ўзгадала пра жыццёвы шлях самай старэйшай і адданай чытачкі бібліятэкі, ветэрана педагагічнай працы з больш чым саракагадовым стажам Еўдакіі Улога, якой цяпер 99 гадоў. Гэта неверагодна моцная духам жанчына, яна перадавала вучням не толькі веды, але і прывівала любоў да роднай культуры. Еўдакія Рыгораўна ў сваім шаноўным узросце застаецца актыўным чытачом бібліятэкі, сама піша вершы. У гэтым прысутныя маглі ўпэўніцца з дапамогай відэароліка, дзе педагог-ветэран расказала пра свайго мужа, былога дырэктара Хвінявіцкай сярэдняй школы Аляксандра Улогу, звярнулася з заклікам-парадай да настаўнікаў і вучняў, павіншавала педагогаў з прафесійным святам.


– Паўстагоддзя – значны тэрмін, – звярнуўся да ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі Аляксандр Бараноўскі. – Здавалася б, мінула шмат гадоў, аднак для старэйшага пакалення яны праляцелі як адно імгненне. Я сам 27 гадоў адпрацаваў у сферы адукацыі, 18 з іх – дырэктарам Новаяльнянскай сярэдняй школы, таму ўсе пытанні, якія тычацца выхавання падрастаючага пакалення, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння мне добра вядомыя. Цудоўна, што і сёння Хвінявіцкая сярэдняя школа радуе сваёй прыгажосцю, утульнасцю, чысцінёй. Кепска, што стала менш навучэнцаў, але гэта характэрна для многіх сельскіх школ. Дзякую ўсім, хто рыхтаваў дадзенае мерапрыемства, за тое, што шануеце сваіх ветэранаў. Еўдакія Рыгораўна адрасавала прысутным вельмі важныя словы пра беражлівыя адносіны да здароўя, любоў да бацькоў, Радзімы, клопат пра родны куток. Усё, што сёння маем, створана рукамі пакаленняў нашых землякоў, і гэту спадчыну трэба берагчы. З нагоды Дня настаўніка жадаю педагогам і работнікам сферы адукацыі Дзятлаўшчыны сямейнага цяпла і дабрабыту, поспехаў у рабоце, моцнага здароўя, павагі ад вучняў, а дзецям – быць актыўнымі і ініцыятыўнымі.

Апошнім акордам сустрэчы стаў музычны падарунак для настаўнікаў ад іх вучняў.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае