Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.

У Беларусі існуе мноства моладзевых арганізацый, якія дапамагаюць падлеткам развіваць навыкі, неабходныя для будучай прафесіі, адна з іх – Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя ратаўнікоў-пажарных (БМГАРП). Многія маладыя людзі мараць стаць пажарнымі, адным з іх аказаўся і дзятлаўчанін Антон Кучынскі.

Малады чалавек заўсёды цікавіўся работай ратаўнікоў: бываў з экскурсіямі ў пажарных часцях, глядзеў дакументальныя фільмы на гэту тэму і марыў аб тым, што аднойчы таксама атрымае гэту прафесію.

Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, расказалі сам Антон Кучынскі і намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка, які стаяў каля вытокаў моладзевага пажарнага руху на Дзятлаўшчыне.

–  З Аляксандрам Анатольевічам я пазнаёміўся на сустрэчы ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, дзе вучыўся. Даведаўся аб тым, як праходзіць служба ў пажарнай часці, важнасці каманднай работы і хуткага рэагавання. Тады я даведаўся пра БМГАРП і вырашыў далучыцца да моладзевага атрада, а заняткі па пажарна-прыкладным спорце дапамаглі мне не толькі палепшыць фізічную падрыхтоўку, але і ўмацавалі ў рашэнні аб выбары прафесіі, – расказаў малады чалавек.

– У той час я працаваў інспектарам прапаганды, на базе Дома творчасці вёў гурток пажарна-прыкладнога спорту, куды хадзілі школьнікі з гарадскіх школ, у першую чаргу члены БМГАРП, – дадае Аляксандр Беленка. – На занятках юнакі і дзяўчаты трэніраваліся ў пераадоленні пажарнай паласы перашкодаў, баявым разгортванні, а таксама ўдзельнічалі ў акцыях, інфармацыйных кампаніях, атрымлівалі першы пазітыўны вопыт у справе ратаўніка.

Антон з захапленнем наведваў гурток пажарна-прыкладнога спорту і ўпершыню ў 2017 годзе прыняў удзел з раённай камандай у абласным этапе палявога лагера “Ратаўнік”, стаў прызёрам спаборніцтваў.

Пасля заканчэння школы і праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе Антон папоўніў дружны калектыў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

– Антон, ці можна сказаць, што ваша школьная мара здзейснілася?

– Адназначна так! Пасля таго як прыйшоў у райаддзел па надзвычайных сітуацыях, праходзіў стажыроўку, у час якой вучыўся ў вопытных пажарных, дапамагаў у падрыхтоўцы абсталявання і ўдзельнічаў у вучэннях. Кожны дзень акунаўся ў атмасферу сапраўднай пажарнай службы, працаваў у камандзе. Неўзабаве я стаў старшым інструктарам-ратаўніком ПАВП-12 у Наваельні, але і цяпер памятаю, з чаго ўсё пачыналася.

Гісторыя Антона – прыклад таго, як юнацкае захапленне і настойлівасць могуць прывесці да здзяйснення мары. Кожны з нас можа стаць героем: з энтузіязмам, настойлівасцю і падтрымкай можна дасягнуць вышыняў у прафесіі.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Дзятлаўскім РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации