Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.
– На фота – дзень святочнага парада, прысвечанага Дню Перамогі, у ім прымаў удзел атрад пажарнай службы, кіраўніком якога я тады з’яўляўся, на той час ужо насіў званне падпалкоўніка, – расказвае старшыня ветэранскай арганізацыі ратаўнікоў раёна Сяргей Малышчык, які на працягу доўгага часу ўзначальваў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. – У тую пару ваенныя ўжо не служылі на Дзятлаўшчыне, і пажарныя разам з міліцыяй, як прадстаўнікі ваенізаваных структур, выступілі з прапановай перад кіраўніцтвам раёна стварыць каробку ў святочнай калоне, у якой удзельнічалі супрацоўнікі нашага падраздзялення. Дарэчы, гэта добрая традыцыя захавалася і дагэтуль.
Падзеі, адлюстраваныя на фота, адбыліся ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя, на досвітку станаўлення пажарнай службы як асобнай структуры, калі кожны крок быў няпростым, але надзвычай важным.

– Цяпер супрацоўнікі МНС маюць па некалькі камплектаў форменнага абмундзіравання, а на той час была праблема падабраць для параду аднастайную форму для ўсёй групы. Было прынята рашэнне надзець белыя кашулі, чорныя гальштукі і непарадныя галаўныя ўборы, – узгадвае Сяргей Уладзіміравіч.
Адной з першых традыцый, якія нарадзіліся ў тыя часы, стала традыцыя прымаць прысягу на вернасць Айчыне на абеліску Славы. Яна беражліва падтрымлівалася ўвесь гэты час, выконваецца і сёння: маладое папаўненне ратаўнікоў урачыста чытае тэкст прысягі каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову.
Напрыканцы 90-х гадоў закладваўся фундамент аўтарытэту пажарнай службы, які захоўваецца дагэтуль. На змену ранейшым задачам прыходзіў значна шырэйшы спектр абавязкаў. Яны вырашаліся ва ўмовах абмежаванасці тэхнічнага забеспячэння і персаналу. На варце жыцця і бяспекі грамадзян у той час стаялі людзі рознага ўзросту, якія не лічыліся са сваім вольным часам, калі трэба было ліквідаваць надзвычайную сітуацыю.
– Хто, калі не мы? – гучала заканамернае пытанне.
У тэхнічным аснашчэнні падраздзялення важкую падтрымку аказалі органы раённай улады. Было закуплена аварыйна-выратавальнае абсталяванне, сродкі абароны органаў дыхання, кампрэсары. Людзі змаглі не толькі ганарыцца сваёй службай, але і выконваць абавязкі, маючы для гэтага рэсурсы.
Праз гады надышоў той знакавы час, калі Указам Прэзідэнта Беларусі пажарная служба атрымала магутную падтрымку: сталі будавацца пажарныя часці, стваралася магутная транспартная база, у якой цяпер ёсць і водны, і наземны транспарт. Сённяшнія ратаўнікі Дзятлаўшчыны маюць усё для таго, каб аператыўна і эфектыўна рэагаваць на любыя катаклізмы, ратаваць жыцці людзей і іх маёмасць.
– Перажываю пачуццё радасці і задавальнення, калі наведваю родны аддзел па надзвычайных сітуацыях, бачу, як сёння працуе аддзел унутраных спраў, – падводзіць вынік Сяргей Малышчык. – Аднак усе мы помнім, што фундамент, заснаваны на прынцыпах прафесіяналізму, адвагі і гонару, быў закладзены ў далёкія 90-я гады сённяшнімі ветэранамі службы. За гэтыя гады на ім узведзены дастойны будынак.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина