У Дзятлаўскім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з выязным кірмашом вакансій і пасяджэннем камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Разглядаліся пытанні сямейнага недабрабыту, падтрымання санітарнага парадку на тэрыторыі прыватных домаўладанняў, вялікая ўвага была нададзена праблеме занятасці жыхароў, асабліва схільных да злоўжывання алкаголем і асацыяльнага ладу жыцця. Такія грамадзяне знаходзяцца на пастаянным кантролі міліцыі і службаў прафілактыкі, бо беспрацоўе вядзе яшчэ і да супрацьпраўных учынкаў. Таму ў вырашэнні падобных праблем выкарыстоўваецца комплексны падыход.

Раённыя службы прафілактыкі на пасяджэнні прадстаўлялі намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань, галоўны спецыяліст упраўлення Святлана Латушка, доктар-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Барыс Отчык, старшы інспектар АУС райвыканкама Сяргей Юшкевіч. Інтарэсы наймальнікаў – спецыялісты сельгасфіліяла “АграМілк” і райветстанцыі.

Кожную жыццёвую сітуацыю разбіралі асобна, каб знайсці аптымальнае рашэнне. Закліканым неаднаразова нагадвалі, што мэта падобных мерапрыемстваў – аказаць падтрымку ў працаўладкаванні, падказаць, куды звяртацца, каб вырашыць іх жыццёвую сітуацыю, а вынік залежыць ад таго, наколькі сумленна яны скарыстаюцца дапамогай.

Сярод тых, хто прыйшоў, былі грамадзяне з рознымі лёсамі. Адзін мае свой дом у вёсцы, але жыве ў райцэнтры ў сястры, а яго сельскі падворак зарастае. Больш за сем гадоў пасля лячэбна-працоўнага прафілакторыя дзятлаўчанін нідзе не працуе, як тлумачыць, рыхтуецца трапіць туды зноў. Заўвагу, што ёсць шанц пайсці працаваць, здаецца, не чуе.

Яшчэ адзін мужчына расказаў, што тры гады таму перанёс аперацыю, звольніўся, больш не змог уладкавацца самастойна. Як аказалася, не забраў у былога наймальніка працоўную кніжку, зразумела, што яму адмаўлялі з-за адсутнасці дакументаў. Наступны жыхар са спакойнай душой прынёс у камісію даведку, што ўладкаваны па дагаворы падраду, але яго папярэдзілі: кантроль застанецца, бо ёсць праблемы з алкаголем і суседзі скардзяцца на ненавязаных сабак.

У наш раён з жонкай і дзецьмі пераехаў грамадзянін, які сумленна прызнаўся, што яго сям’я стаіць на ўліку як сацыяльна ненадзейная. Мужчына раней быў судзімы, пасля працаваў, аднак меў бытавыя і сямейныя праблемы, таму змяніў месца жыхарства. Яго папярэдзілі, што на Дзятлаўшчыне кантролю таксама не пазбегнуць.

Усяго з двух дзясяткаў запрошаных на пасяджэнне прыйшлі восем чалавек, а ў раённай базе беспрацоўных цяпер налічваецца 1664.

Як адзначыў Вадзім Бялятка, прафілактычная работа з гэтымі катэгорыямі жыхароў будзе прадоўжана, бо сацыяльныя выгоды, якімі ўсе карыстаюцца, аплачваюцца з бюджэту, што фарміруецца за кошт падаткаплацельшчыкаў. Справядліва, калі кожны працаздольны грамадзянін будзе прыносіць карысць грамадству і сваёй сям’і.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации