На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынята рашэнне аб прызнанні ў сацыяльна ненадзейным становішчы дзяцей з дзвюх сем’яў, дзе праведзены сацыяльныя расследаванні. Прааналізавана сітуацыя па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у трох ненадзейных сем’ях, у адной з якіх яны прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, ва ўсіх выпадках работа па стабілізацыі сітуацыі прадоўжана.

Няпроста, але магчыма

У гэтай сям’і сацыяльнае расследаванне было ініцыявана з-за няпростай жыццёвай сітуацыі. На сына, 2023 года нараджэння, мужчына ўстанавіў бацькоўства, бо шлюб не быў зарэгістраваны. Ён прывёз хлопчыка на малую радзіму з тэрыторыі краіны-суседкі, гадуе яго самастойна, пакуль маці малога знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў бацькі быў пратэрмінаваны пашпарт, а на непаўналетняга большасць неабходных для афармлення ў Беларусі дакументаў засталася па месцы нараджэння. Сваякі дзіцяці выходзяць на сувязь і абяцаюць выслаць патрэбныя “паперы” па пошце.

Пакуль жа няпоўная сям’я жыве ў родных бацькі ў нашым раёне. Яны дапамагаюць гадаваць хлопчыка. У хуткім часе можа быць вырашана пытанне з атрыманнем арэнднай кватэры. Аднак каб уладкаваць малога ў дзіцячы сад, давядзецца канчаткова аформіць на яго дакументы. Гэта няпроста, але магчыма. Паколькі сітуацыя непаўналетняга неадназначная, каб сачыць за захаваннем яго законных правоў і інтарэсаў, дзіця прызнана ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а сям’я пэўны час будзе знаходзіцца на кантролі спецыялістаў службаў прафілактыкі. Калі ўсе праблемы вырашацца і стане зразумела, што мужчына поўнасцю спраўляецца з бацькоўскімі абавязкамі, статус сацыяльна ненадзейнай з сям’і, безумоўна, знімуць.

Не ў каледж, а ў школу

Індывідуальная прафілактычная работа з непаўналетнім, які знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы і дапусціў у каледжы значную колькасць пропускаў без уважлівых прычын, пазітыўнага выніку не дала. Юнак па-ранейшаму адмаўляецца атрымліваць спецыяльнасць, у якой расчараваўся, хаця выбіраў яе сам, і жадае вярнуцца ў школу. Варта адзначыць, што вучыцца яму давядзецца не з равеснікамі, а ў дзясятым класе, паколькі па многіх дысцыплінах з-за прагулаў ён застаўся неатэставаны. Сваю будучыню малады чалавек звязвае з заканчэннем адзінаццаці класаў, новым паступленнем або службай у арміі, паколькі выпускніком ён будзе ўжо ў паўналетнім узросце. 

Пры гэтым, на камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама сам прагульшчык адсутнічаў, яго інтарэсы прадстаўляла і агучвала ўсе пажаданні маці. Жанчына расказала, што сын ужо сустракаўся з дырэктарам школы, дзе збіраецца вучыцца. Яму расказалі аб школьных правілах і патрабаваннях, іх давядзецца строга прытрымлівацца. Пакуль непаўналетні абяцае гэта рабіць, а як будзе далей – пакажа час. Члены камісіі выказалі пажаданне абавязкова пагутарыць з самім юнаком. Сітуацыя застаецца на кантролі.

Ці не стане позна?

Чатыры месяцы таму дзяўчынку прызналі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за праблем паміж бацькамі. Дарослыя да гэтага часу шлюб не скасавалі, хаця жывуць паасобку. Апеку над сястрой аформіў старэйшы брат, у якога яна цяпер знаходзіцца. Магчыма, гэта дае маці дзяўчынкі падманнае пачуццё спакою, маўляў, дзіця сярод блізкіх людзей, усё ў парадку. Сама жанчына з-за непаразуменняў з мужам прадаўжае заглушаць гора алкаголем. Калі п’яная, стараецца лішні раз не трапляць у поле зроку спецыялістаў службаў прафілактыкі: замыкае кватэру і нікому не адчыняе. Яна ўжо дапусціла некалькі прагулаў на рабоце і як абавязаная асоба была пакарана за гэта адміністрацыйным арыштам. Адным словам, выпраўляцца, каб вярнуць сабе дачку, жанчына пакуль не пачынала.

Тым часам бацька дзіцяці зрабіў рамонт у сваім вясковым доме і, каб выканаць патрабаванні па захаванні бяспекі, замяніў праводку. Аднак вярнуць сабе дачку без скасавання шлюбу мужчына таксама не зможа.

Сітуацыя ў сям’і застаецца на пільным кантролі спецыялістаў адказных службаў. Разам з тым, канчатковае рашэнне аб далейшым лёсе дзяўчынкі давядзецца прыняць ужо ў кастрычніку. Калі дарослыя прынцыпова не памяняюць сваіх паводзінаў, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама накіруе ў суд дакументы аб пазбаўленні іх правоў на дачку.

Двойчы – ужо заканамернасць

Сацыяльнае расследаванне ў сям’і, дзе гадуецца двое дзяцей і шлюб паміж бацькамі малодшага хлопчыка не зарэгістраваны, ужо трэцяе за апошнія дзесяць месяцаў. Двойчы прычынай былі менавіта скандалы паміж дарослымі, і гэта ўжо заканамернасць. У абодвух выпадках канфлікт пачынаў п’яны сужыцель. Апошні ён учыніў, калі вярталіся дамоў на машыне і за рулём сядзела жанчына. Страшна ўявіць, што магло б здарыцца, каб яна не захавала вытрымку на дарозе.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама мужчына расказаў, што прайшоў кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, але на ўліку ў доктара-нарколага не стаіць. Сям’я пераехала ў наш раён год таму, арандуе тут кватэру. Старэйшы хлопчык ходзіць у школу, з малодшым маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Жанчына разумее, што на шчасце з сужыцелем з-за нядаўніх падзей яна можа асабліва не спадзявацца, але пакуль не спяшаецца ад’язджаць да бацькоў, бо хоча, каб старэйшы сын адвучыўся ў класе, да якога паспеў прывыкнуць, і ў наступным годзе паступіў.

Паколькі ў сям’і ўстаноўлены фактары рызыкі, абодвух дзяцей прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы.

Не спяшае ісці працаваць

Жанчына, якая гадуе двух сыноў, ужо некалькі месяцаў не працуе, жывуць усе трое за кошт дапамогі на дзяцей і пенсіі бабулі. Сям’я гэта сацыяльна ненадзейная, раней хлопчыкаў прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Нягледзячы на шматлікія прапановы спецыялістаў службы занятасці, маці прадаўжае ўпарта настойваць на тым, што знойдзе работу сама, цягне час. Адтэрміноўкі яна матывуе тым, што старэйшы сын у гэтым годзе паступае, і з’явілася шмат клопатаў, якія патрабуюць яе непасрэднай прысутнасці. На жаль, у юнака ўжо ёсць вопыт вучобы ў каледжы, дзе ён не пажадаў заставацца. Сёлета дакументы падаюць на такую ж спецыяльнасць, але ў іншую ўстанову. Хочацца верыць, што на гэты раз наш юны зямляк будзе задаволены вучобай і ў далейшым стане някепскім прафесіяналам, а жанчына, каб матэрыяльна забяспечваць дзяцей, нарэшце пойдзе працаваць. За ўсім гэтым прасочаць спецыялісты службаў прафілактыкі.

Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации