У райвыканкаме прайшла сесія Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

Былі прыняты рашэнні па дзевяці пытаннях, сярод якіх перадача ў арэнду паверхневых водных аб’ектаў, змяненне межаў населеных пунктаў, рэалізацыя на Дзятлаўшчыне рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Турызм” на 2026 год, бясплатная перавозка навучэнцаў у 2026 годзе, іншыя.



Са справаздачай аб рабоце Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў у 2025 годзе выступіў яго старшыня Аляксандр Бараноўскі. Ён нагадаў, што тэрыторыя нашага раёна складае 1565 кіламетраў квадратных, дзе размешчана 227 населеных пунктаў, насельніцтва налічваецца каля 21,9 тысячы чалавек, сельскагаспадарчую галіну складаюць сем сельгасарганізацый, функцыянуюць 14 сялянскіх фермерскіх гаспадарак, аднак раён прамысловы: 62 % валавога ўнутранага прадукта забяспечваюць 11 прадпрыемстваў, ёсць два папулярныя санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”.

У 2025 годзе паўсядзённая дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў была звязана з вырашэннем шырокага спектра пытанняў палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага характару. Пры вялікай разнастайнасці кірункаў сумарны вектар быў скіраваны на дасягненне галоўнай мэты – павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. На сёння мясцовыя Саветы маюць вялікія магчымасці ажыццяўляць сваю дзейнасць на карысць людзей. Цесны кантакт дэпутацкага корпусу з выбаршчыкамі дазваляе глыбей унікнуць у праблемы і патрэбы насельніцтва.
Структура выбарных органаў на Дзятлаўшчыне прадстаўлена раённым і дзевяццю сельскімі Саветамі дэпутатаў. Іх работа прадугледжвае справаздачнасць перад выбаршчыкамі аб рабоце ў вырашэнні паўсядзённых пытанняў жыццезабеспячэння. Асноўнай з важнейшых арганізацыйна-прававых формаў дзейнасці з’яўляецца сесія, дзе калектыўна вырашаюцца актуальныя пытанні, аднесеныя законам да кампетэнцыі Саветаў. Летась іх адбылося 13, былі прыняты 58 рашэнняў па важнейшых стратэгічных кірунках развіцця раёна. Для забеспячэння дзейнасці раённага Савета, разгляду і падрыхтоўкі матэрыялаў да сесій, аператыўнага калегіяльнага рашэння па асабліва важных пытаннях праводзіліся пасяджэнні прэзідыума і пастаянна дзеючых камісій.

Пры арганізацыі работы райсавета заўжды надаецца ўвага забеспячэнню адкрытасці і публічнасці, што дасягаецца праз раённыя сродкі масавай інфармацыі, запрашэнне на сесіі прадстаўнікоў райвыканкама, грамадскіх арганізацый, праваахоўных органаў, прадпрыемстваў і арганізацый, сельвыканкамаў.
Важнейшы прыярытэт дэпутацкай дзейнасці – гэта дыялог з грамадзянамі па хвалюючых пытаннях. Сярод фарматаў узаемадзеяння – грамадска значныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з насельніцтвам, работа са зваротамі грамадзян, Дні сельсаветаў, Адзіныя дні інфармавання, у рамках якіх функцыянуе інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў. У час мерапрыемстваў дэпутаты вядуць інфармацыйную работу, паведамляюць аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання, адказваюць на пытанні, вызначаюць кола найбольш вострых праблем, на якіх неабходна сканцэнтраваць увагу актыву раёна. За 2025 год старшынёй райсавета ў працоўных калектывах праведзена 30 сустрэч, з насельніцтвам па месцы жыхарства – 37, з моладдзю – 3, на іх прысутнічалі 1832 чалавекі. Дэпутатамі райсавета праведзена 329 сустрэч з 5570 чалавекамі. Дэпутаты ўсіх узроўняў прымалі актыўны ўдзел у інфармацыйна-тлумачальнай рабоце па пытаннях выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У пасўсядзённых справах органам улады даводзіцца пастаянна сутыкацца з прапановамі, зваротамі, заявамі грамадзян, таму шмат увагі надаецца асабістым прыёмам грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку выязным. Летась дэпутаты райсавета правялі 317 прыёмаў, паступілі 45 зваротаў, дэпутаты сельскіх Саветаў – 792, паступілі 150 зваротаў. Сярод пытанняў пераважалі тэмы добраўпарадкавання, жыллёва-камунальныя, рамонту і абслугоўвання дарог, дзейнасці ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, магчымасці атрымання матэрыяльнай дапамогі, іншыя.

Нямала сацыяльна значных ідэй і ініцыятыў прапануе моладзь. У 2025 годзе моладзевы савет пры раённым Савеце дэпутатаў прадоўжыў сваю актыўную работу. Ён аб’ядноўвае 24 навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна, узначальвае яго Арцём Конан, намеснік – Паліна Халопік. Маладыя парламентарыі імкнуцца паўдзельнічаць у рэальных сацыяльных праектах, вядуць інфармацыйна-асветніцукю работу сярод моладзі па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіцці лідарскіх якасцяў. Моладзь летась удзельнічала ў фарсайт-сесіі “Мы будучыня нашай краіны”, сустрэчы пакаленняў “Времён связующая нить”, акцыі “Дай лесу новае жыццё”, іншых.
Дэпутацкі корпус раёна ў 2025 годзе ўдзельнічаў у рабоце дыялогавых пляцовак, патрыятычных акцыях, патрыятычным выхаванні школьнікаў, традыцыйнымі сталі першамайскае шэсце, эстафеты ад помніка да помніка, іншыя.
Пастаянна ў цэнтры ўвагі дэпутатаў справы навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання і азелянення населеных пунктаў пры ўзаемадзеянні з іншымі структурамі соцыуму. У мінулым годзе прайшлі па два раённыя і рэспубліканскія суботнікі, ладзіліся сумесныя справы і акцыі, сярод якіх – добраўпарадкаванне экалагічнай сцяжынкі каля вёскі Руда Яварская, крыніцы ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца”, закладка скверу ў рамках акцыі “80 мірных пажаданняў”, аднаўленне воінскіх пахаванняў у вёсцы Дубароўшчына і аграгарадку Лявонавічы, іншыя. У рамках Указа Прэзідэнта № 116 знесена 40 пустых дамоў, прададзены – 23 і яшчэ 42 – па дагаворах адчужэння.

Важнай формай узаемадзеяння з сельскімі Саветамі дэпутатаў па пытаннях забеспячэння жыццядзейнасці і абслугоўвання вясковага насельніцтва з’яўляюцца Дні сельсаветаў. У раёне дзейнічаюць такія органы мясцовага самакіравання, як 133 старасты, 11 вулічных і 10 дамавых камітэтаў.

Усе гэтыя кірункі і фарматы работы дазваляюць дэпутацкаму корпусу трымаць руку на пульсе грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця Дзятлаўшчыны, таму работа будзе прадоўжана надалей. Аляксандр Бараноўскі падзякаваў прысутным за плённае ўзаемадзеянне ў мінулым годзе, пажадаў далейшых поспехаў у дэпутацкіх справах.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае